Змаганне за паўнату жыцця

Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Моханем ОР мы разважаем пра выпрабаванне спакусаю.

І Нядзеля Вялікага посту, год А (22.02.2026)

Дух вывеў Езуса ў пустыню, каб д’ябал выпрабоўваў Яго. Пасля сарака дзён і сарака начэй посту Езус адчуў голад. Тады падышоў да Яго спакуснік і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам». А Ён сказаў у адказ: «Напісана:
“Не хлебам адным будзе жыць чалавек,
а кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых”».
Тады ўзяў Яго д’ябал у святы горад, паставіў на крыле святыні і сказаў Яму: «Калі Ты Сын Божы, кінься ўніз, бо напісана:
“Анёлам сваім загадае пра Цябе,
і на руках панясуць Цябе,
каб Ты часам не спатыкнуўся аб камень нагой сваёй”».
Езус сказаў яму: «Напісана таксама: “Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго”». Д’ябал зноў узяў Яго на вельмі высокую гару і паказаў Яму ўсе валадарствы свету і славу іх. І сказаў Яму: «Усё гэта дам Табе, калі ўпадзеш і паклонішся мне». Але Езус сказаў яму:
«Адыдзі, сатана! Бо напісана:
“Пану Богу твайму пакланяйся
і Яму аднаму служы”».
Тады д’ябал пакінуў Яго, і вось, анёлы падышлі і служылі Яму.

(Мц 4, 1–11)

Змаганне за паўнату жыцця

Калі б не вуж, мы і цяпер жылі б у райскім садзе. Чаму ён увогуле там быў? З яго толькі тая карысць, што, прынамсі, вядома, хто нясе адказнасць за наша няшчасце.

Аднак узнікае пытанне: ці сапраўды Эдэмскі сад — фактычна рай? Пасля стварэння чалавека з праху зямлі і напаўнення духам жыцця Бог запрасіў яго да супрацоўніцтва, а не да вечнага all inclusive. Бог змясціў створанага чалавека ў садзе, каб чалавек апрацоўваў яго і даглядаў. Зляпіўшы жывёлаў, Пан прывёў іх да чалавека, каб той іх назваў. Стварыўшы жанчыну, Пан дазволіў мужчыну пазнаць у ёй роўную сабе істоту. Такім чынам, чалавек у раі — не пасіўны жыхар, а яго сустваральнік. Яго роля ва ўласным жыцці не зводзіцца да сузіральніцтва, ён — сугаспадар жыцця, які мае дастаткова шмат свабоды і разумовых здольнасцяў, каб распазнаваць, адкуль паходзіць яго жыццё і як пра яго дбаць. Таму райскі сад — гэта больш прыгода, чым адпачынак; навучанне, а не гатовыя ўменні; гэта школа жыцця ў гармоніі з Богам, стварэннем і іншым чалавекам.

Адкуль я ведаю, што магу так жыць?

Па-першае, Езус паказвае, што змаганне са спакусаю — гэта звычайнае жыццёвае выпрабаванне, якое не абмінула нават Яго, хоць Ён — Сын Божы. Больш за тое, гэта не выпадковае выпрабаванне, а мэтанакіраванае дзеянне, якому Езус падвяргаецца ў пустыні. Нават Яго свабода, пазнанне і вернасць павінны быць выпрабаваныя, бо яны вельмі спатрэбяцца Яму ў пазнейшым досведзе крыжа. Па-другое, Езус паказвае нам, што гэтае змаганне з выпрабаваннем спакусаю можна выйграць. І Ён не выкарыстоўвае нейкія недаступныя нам супермагчымасці, а абапіраецца на звычайны давер да Слова, якое нясе праўду і жыццё.

Ёсць яшчэ адна важная рэч, пра якую нагадвае нам святы Павел: у змаганні са спрадвечнаю спакусаю лічыць саміх сябе стваральнікамі ўласнага жыцця і шчасця мы не пакінутыя толькі на сваю слабую волю і абмежаванае пазнанне. Сам Хрыстус узяў на сябе адказнасць за нашае шчасце, дар Яго жыцця — шчодрая крыніца ласкі, сапраўдны падмурак для веры ў тое, што нашае змаганне недарэмнае, бо мы ўдзельнічаем ва ўжо выйгранай бітве за паўнату жыцця.


Айцец Томаш Мохань ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней