Сёння разам з айцом дамініканінам Аркадыюшам Войтасам ОР мы разважаем пра навізну вучэння Езуса Хрыста.

VІ Звычайная нядзеля, год А (15.02.2026)

Езус сказаў сваім вучням: «Кажу вам, калі справядлівасць ваша не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
Вы чулі, што было сказана продкам: “Не забівай”, а хто заб’е, падлягае суду. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падлягае суду. <...>
Вы чулі, што сказана: “Не чужалож”. А Я кажу вам: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю чужалоства ў сваім сэрцы. <...>
Вы чулі, што сказана было продкам: “Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае”. А Я кажу вам: не прысягайце наогул <...>. Няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога».

(Мц 5, 20–22а. 27–28. 33–34а. 37)

Нічога новага

Вопытныя прапаведнікі часта кажуць, што найцяжэй праводзіць рэкалекцыі для святароў і сясцёр законных. Мы штодзённа слухаем казанні, чытаем біблійныя каментары, вядзем духоўныя размовы, таму, мабыць, няма такой тэмы, якая магла б нас здзівіць. Мы ўжо пра ўсё чулі, а ў такім выпадку няма энтузіязму слухаць чарговых рэкалекцыяністаў. Зразумела, не толькі нам, законнікам, пагражае закрытасць вушэй і сэрца на слова. На пачатку прачытанага сёння Евангелля Езус кажа, што ўсё ўжо было сказана, Ён нічым нас не здзівіць, нічога не дадасць, не будзе ніякай сенсацыі ад таго, што мы пачуем. Сваім Казаннем на гары Езус хоча «толькі» патлумачыць тое, што ўжо было сказана. Хоча ачысціць гэта ад розных чалавечых інтэрпрэтацый, якія з’явіліся за стагоддзі чытання і каментавання слова.

Пан Езус не хоча здзівіць нас нічым новым. Калі чакаеш навізны ў Яго вучэнні — расчаруешся! Настройся перш за ўсё на навізну сваёй рэакцыі і навізну свайго рашэння.

Чаму Антоній Пустэльнік прадаў усё, што меў, раздаў убогім і кінуў ранейшае жыццё? Не таму, што яго здзівіў гэты фрагмент Евангелля, ён жа шмат разоў чуў яго ў сваім жыцці. Але ў той адзіны раз ён адважыўся рэалізаваць пачутае слова. Сёння мы ўспамінаем яго як вялікага святога. Ці хочаш ты жыць тым, што ведаеш ужо здаўна? Ці хочаш жыць тым, пра што гаварыў Езус? Ці хочаш, каб гэтае слова споўнілася ў табе? Які сэнс усё жыццё дзівіцца з прыгажосці Татраў і ніколі туды не выбрацца? Рызыкні, пачні з Русіновай Паляны, гэта сапраўды таго варта! Бо той, хто выконвае запаведзі і вучыць іх выконваць, будзе найбольшым у Валадарстве Нябесным.


Айцец Аркадыюш Войтас ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней