Сёння разам з айцом дамініканінам Яраславам Краўцам ОР мы разважаем пра сутнасць евангельскага наказу быць святлом свету.
V Звычайная нядзеля, год А (08.02.2026)
Вы — соль зямлі. Калі ж соль страціць смак, то чым пасоліш яе? Яна ўжо ні на што не прыдасца, хіба што выкінуць яе вон на патаптанне людзям.
Вы — святло свету. Не можа схавацца горад, які стаіць на вяршыні гары. І, запаліўшы светач, не ставяць яго пад пасудзінай, але на свечніку, і свеціць усім, хто ў доме.
Няхай святло ваша так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашы добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах.
(Мц 5, 13–16)
Туга па святле
Я ніколі не думаў, што можна смуткаваць па святле. Калі ў першы год паўнамаштабнай вайны я выйшаў у Варшаве з цягніка, на якім прыехаў з Кіева, мне дзіўна было глядзець на асветленыя вуліцы, будынкі і святочныя дэкарацыі. У спалучэнні са снегам, якога акурат тады ў Польшчы выпала вельмі шмат, усё выглядала казачна. Ва Украіне, дзе я жыву, з-за знішчэння энергетычнай інфраструктуры станавілася ўсё больш цёмна і холадна. Зрэшты, сёлета гэтаксама, але мы навучыліся ўжо неяк з гэтым спраўляцца. Тады ж я праціраў вочы ад здзіўлення, гледзячы на асветленыя вітрыны крамаў і вуліцы, а таксама ўваходзячы ў цёплыя дамы і кляштары.
У Казанні на гары Езус вучыць, што гэта мы — святло свету, святло для людзей. Менавіта наша святло павінна свяціць усім, хто знаходзіцца ў доме, і паказваць нашыя добрыя ўчынкі. Чытаючы гэтыя словы, я задумваюся: ці не з’яўляюцца праяваю тугі па святле абвінавачванні ў нявернасці Евангеллю, скіраваныя ў бок католікаў, асабліва ў бок духоўных асобаў? Калі Езус просіць нас, сваіх вучняў і вучаніцаў, быць «святлом свету», то недахоп або поўная адсутнасць гэтага святла можа выклікаць справядлівае абурэнне.
Праз некалькі радкоў у Евангеллі мы прачытаем іншы наказ Езуса: «Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі» (Мц 6, 1). Як жа нам паступаць, калі сам Боскі Настаўнік дае нібыта супярэчлівыя наказы? Разважаючы над гэтаю дылемаю, святы Аўгустын раіў найперш пазнаць мэту, да якой імкнецца чалавечае сэрца. Калі хтосьці чыніць дабро дзеля праслаўлення Бога, ад якога паходзяць таксама таленты і здольнасці, то сваім дзеяннем можа пабудзіць і іншых да дабра. Святы Аўгустын падагульняе: «Так адбываецца, бо з такога ўчынка выпраменьваецца святло любові, а не сыходзіць дым пыхі».
Магчыма, смутак па святле — гэта не абвінавачванне, а заклік да таго, каб святло, пра якое гавораць Езус і прарок Ісая, зноў заззяла ва ўчынках міласэрнасці і ў праўдзе.
Айцец Яраслаў Кравец ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

