Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Ямрузам ОР мы разважаем пра дзевяць евангельскіх благаслаўленняў.
ІV Звычайная нядзеля, год А (01.02.2026)
Убачыўшы натоўп, Езус узышоў на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:
«Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны будуць суцешаны.
Шчаслівыя лагодныя, бо яны атрымаюць у спадчыну зямлю.
Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны будуць насычаны.
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць.
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчаслівыя міратворцы, бо яны будуць названыя сынамі Божымі.
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць, пераследаваць і ўсяляк зласловіць несправядліва за Мяне. Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.
(Мц 5, 1–12a)
Аўтапартрэт
Тое, да чаго заахвочвае Езус, а менавіта: плач, убоства, цярпенне пераследу, было б ганьбаю, глупствам, абсурдам і цалкам супярэчыла б Добрай Навіне, калі б не абяцанне: «Вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах». Гутарка не пра тое, што мы павінны сціснуць зубы, разлічваючы на тое, што калісьці Бог узнагародзіць нас за такія цяжкія цярпенні. У благаслаўленнях не называецца «курс валюты», паводле якога Бог у будучым жыцці заплоціць нам за перажытыя цярпенні. Благаслаўленні не з’яўляюцца таксама апафеозам няўдалага жыцця, наадварот, яны ўказваюць на тое, што робіць яго поўным.
Евангелле — не дапаўненне да Старога Запавету. Не дадатак, дзе падаюцца ўдакладненні да нейкіх абстрактных нормаў, паводле якіх мы, хрысціяне, павінны жыць, каб заставацца добрымі людзьмі. Евангелле — гэта аповед пра Езуса, які ёсць спаўненнем закону. Паглядзім на благаслаўленні як на вобраз Хрыста, намаляваны Яго ўласнымі словамі. Ён — убогі, плача над людскою бядою, ціхі і спрагнены, міласэрны і чысты, прыносіць спакой і церпіць пераслед. Але гэта Ён — Сын Божы, Той, Хто сузірае Бога. Менавіта Яму перш за ўсё належыць Валадарства. Благаслаўленні — мадэль, паводле якой мы павінны будаваць сваё жыццё.
У сваёй кнізе «Рабін размаўляе з Езусам» Джэйкаб Нойзнер тлумачыць, чаму ён не стаў бы наследаваць Езуса, калі б жыў у І стагоддзі ў Ізраэлі і пачуў бы Казанне на гары. Паказваючы навізну вучэння Езуса адносна Старога Запавету, Нойзнер апісвае дыялог Хрыста з рабінам, які пытаецца, ці адмяніў Езус якую-небудзь запаведзь. І атрымлівае адмоўны адказ. Ці дадаў Езус штосьці да запаведзяў? Сябе — канстатуе аўтар.
Евангельская запаведзь любові і благаслаўленні — гэта не працяг спісу запаведзяў. Гэта аўтапартрэт Хрыста.
Айцец Павел Ямруз ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

