Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Заморскім ОР мы разважаем пра заклік Езуса пайсці за Ім.
ІІІ Звычайная нядзеля, год А (25.01.2026)
Калі Езус пачуў, што Яна зняволілі, адышоў у Галілею. Пакінуўшы Назарэт, прыйшоў і пасяліўся ў Кафарнауме прыморскім, у межах Забулона і Нэфталія, каб збылося сказанае прарокам Ісаем, які кажа:
«Зямля Забулонава і зямля Нэфталіева,
на шляху марскім, за Ярданам,
Галілея язычнікаў,
народ, які сядзеў у цемры,
убачыў святло вялікае,
над жыхарамі краіны смяротнага ценю
заззяла святло».
З таго часу Езус пачаў прапаведаваць і казаць: «Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае».
Калі Езус праходзіў каля Галілейскага мора, Ён убачыў двух братоў: Сымона, якога называлі Пятром, і ягонага брата Андрэя, якія закідвалі сеткі ў мора, бо яны былі рыбакамі. І сказаў ім: «Ідзіце за Мной, і Я зраблю вас рыбакамі людзей». Яны ж адразу, пакінуўшы сеткі, пайшлі за Ім.
Калі адтуль пайшоў далей, убачыў іншых двух братоў: Якуба Зэбэдэевага і Яна, брата ягонага, якія ў чоўне з бацькам іхнім Зэбэдэем ладзілі свае сеткі, і паклікаў іх. А яны адразу пакінулі човен і бацьку свайго і пайшлі за Ім. Езус хадзіў па ўсёй Галілеі, навучаючы ў сінагогах іхніх і абвяшчаючы Евангелле Валадарства. Ён лячыў усялякую хваробу і ўсялякую немач у людзей.
(Мц 4, 12–23)
Пачынаюцца змены
На беразе возера Генэзарэт, а, па сутнасці, на беразе падзеяў і штодзённых змаганняў, магчыма, нават няўдачаў, з’яўляецца Настаўнік — і ўсё змяняецца. Так адбываецца, бо Ён бачыць шырэй, Ён больш разумее і мае моц запрасіць нас да ўдзелу ў сваім Боскім плане. Аднак гэтага заўсёды баіцца прыхільнік руціны, які любіць толькі тое, што ведае. Гэтага хоча пазбегнуць спалоханы фанатык бяспекі, які перакананы, што «ў нас заўсёды так было, таму нічога не будзем змяняць». Гэта рызыкоўна — чуць слова, а яшчэ цяжэй пачуць і ўзяць на сябе адказнасць за яго. Адказнасць за новы сэнс і шлях, якія адкрывае слова. Езус разумее штодзённыя клопаты рыбакоў і ведае іх сэрцы.
Такім чынам, словы «ідзіце за Мной» і заклік пакінуць човен падаюць на прыдатную глебу. Пачынаюцца змены. Новае жыццё рыбакоў, у якім яны ўжо будуць лавіць не рыбу, а людзей для Божага Валадарства. Новае жыццё і наследаванне Хрыста азначае смерць старога — старых навыкаў, лёгкіх сцежак і ранейшага мыслення. У школе Езуса адкрыюцца іхнія вочы на чалавечае цярпенне, страхі, адзіноту, на моц і безабароннасць Бога, які аб’явіўся ў Настаўніку. У школе Езуса яны ўсяму навучацца і ўсім будуць адораныя, але таксама ўсё страцяць у момант укрыжавання. Яны будуць разбітыя і зраненыя смерцю і безнадзейнасцю, але Ён зноў прыйдзе, бо Ён заўсёды вяртаецца.
Прыйдзе да іх у Галілеі, зноў стане не беразе возера. Яго слова будзе пра любоў, якая ўсё вытрывае, усё прабачыць і ва ўсё верыць. Будзе новым пачаткам, запрашэннем жыць далей — пасля перажыванняў — жыць з Ім. Змены выклікаюць страх, бо гэта пачатак пастаянных адкрыццяў і нечаканасцяў, радасці і болю, стратаў і знаходак. Кожны, хто пачуў словы Езуса «ідзі за Мною», ведае, што гэта толькі пачатак шляху, гэта таксама абяцанне жыцця, у якім ёсць сэнс.
Айцец Томаш Заморскі ОР
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

