Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Зыбурам ОР мы разважаем пра старазапаветны звычай прыносіць ахвяры ўсеспалення і пра Езуса, які стаў Ахвяраю за грэх свету.

ІІ Звычайная нядзеля, год А (18.01.2026)

Убачыў Ян Езуса, які ішоў да яго, і сказаў: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету. Гэта той, пра якога я сказаў: пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне. Я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю». І засведчыў Ян, кажучы: «Я бачыў Духа, які сыходзіў як голуб з неба і застаўся на Ім. Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: “Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым”. І я бачыў, і засведчыў, што Ён — Сын Божы».

(Ян 1, 29–34)

Вось Баранак Божы

Спосаб мыслення ізраэльцянаў, якія складалі перапрашальныя ахвяры, быў такі: калі хтосьці парушыў наказы Торы, ён абавязаны скласці korban chattat — перапрашальную ахвяру за свой грэх. Ахвяраю маглі быць баранак, ягня, казляня або некалькі забітых галубоў (габр. zevach) непасрэдна каля алтара. Назіранне за тым, як агонь паглынае парэзаныя кавалкі мяса жывёлаў, ператвараючы іх у попел і ўдушлівы дым, што ўзносіўся ў неба, было для чалавека, які каецца, важным урокам. Ён павінен быў са страхам і скрухаю думаць: «Гэта маё цела павінна цяпер згараць у агні». Гэта я, вінаваўца граху, павінен аддаць сваё жыццё на алтары Ягвэ. І толькі дзякуючы вялікай міласэрнасці Бога я, грэшнік, заслугоўваю таго, каб працягваць жыць і адпакутаваць за свае правіны іншым спосабам.

Мяне здзіўляе і адначасова палохае ў гэтай старажытнай практыцы цяжар, ускладзены на плечы грэшніка, які, паводле Кнігі Левіта (4, 1–2), нават тады, калі ўчыніў грэх ненаўмысна (габр. shegagah), абавязаны быў скласці ахвяру ў святыні. Які ж вялікі страх, напэўна, адчуваў той, хто, дзякуючы Стварыцелю за жыццё, адначасова павінен быў увесь час баяцца Яго, каб не парушыць Яго святасці. Змушае задумацца таксама непахісная цвёрдасць сумлення, якая прыпісвалася грэшніку ў яго пакаянні. Ён, толькі прызнаўшы свой chattat — грэх, правіну — і склаўшы адпаведную ахвяру, назаўсёды выбіраў не «параду бязбожных» і «шлях грэшных», а «закон Пана» і «шлях справядлівых» (Пс 1).

У сённяшнім Евангеллі Ян Хрысціцель, апошні прарок Старога Запавету, указваючы на Езуса, адкрыта гаворыць: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грэх свету…» «Ён — Сын Божы».

Ян Хрысціцель хоча сказаць змучаным і спалоханым габрэям (а таксама і нам!), што мы ўжо ніколі не павінны глядзець на прынашэнне ахвяры ўсеспалення. Мы ўжо ніколі не станем перад Богам у страху, засланяючы твар далонямі. Не нашыя пакаянныя ўчынкі загладзяць «грэх свету». Гэта Сын Божы — калі толькі мы пойдзем за Ім у веры як Яго вучні і браты — стане нашым Збаўцам. Ён — Korban Chajim — Ахвяра (для) Жыцця.


Айцец Павел Зыбура ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней