Сёння разам з айцом дамініканінам Яраславам Краўцам ОР мы разважаем пра значэнне сакрамэнту хросту.

Свята Хросту Пана, год А (11.01.2026)

Так кажа Пан:
Вось слуга Мой, якога Я падтрымаю,
выбраннік Мой, якога ўпадабала душа Мая.
Я спаслаў Духа свайго на Яго;
Ён прынясе народам Правасуддзе.
Не будзе крычаць і не будзе ўсклікаць,
на вуліцы не будзе чутна голасу Яго.
Ён не зломіць надломленай трысціны
і не пагасіць тлеючана кноту;
для праўды прынясе Ён Правасуддзе.
Не аслабне і не надломіцца,
пакуль не ўстановіць Правасуддзе на зямлі,
і наказаў Ягоных чакаюць астравы.
Я, Пан, паклікаў Цябе ў справядлівасці,
і ўзяў Цябе за руку і сфармаваў Цябе,
і ўчыніў запаветам для людзей,
святлом для народаў,
каб Ты адкрыў вочы сляпым
і з вязніцы вывеў палонных,
з дому зняволення тых, хто жыве ў цемры.

(Іс 42, 1–4. 6–7)

Езус прыйшоў з Галілеі на Ярдан да Яна, каб атрымаць ад яго хрост. Ян стрымліваў Яго, кажучы: «Гэта мне трэба прымаць хрост ад Цябе, а Ты прыходзіш да мяне?» Але Езус сказаў яму ў адказ: «Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва». Тады Ян дазволіў Яму. Калі Езус ахрысціўся, адразу выйшаў з вады. І вось раскрыліся Яму нябёсы, і ўбачыў Духа Божага, які спускаўся, як голуб, і сыходзіў на Яго. А голас з нябёсаў прамовіў: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў».

(Мц 3, 13–17)

Сын і слуга

Невыпадкова ў літургіі нядзелі Хросту Пана чытаецца фрагмент з песні пра Слугу Пана. Менавіта Езус, якога Айцец называе сваім умілаваным Сынам, — той прадказаны прарокам Ісаем таямнічы і выбраны Слуга, на якім спачыў Дух Божы. У Езусе гэтыя два, магло б здавацца, супрацьлеглыя паняцці — сын і слуга — становяцца адным. Ён прыйшоў у свет не для таго, «каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх» (Мк 10, 45). Такім чынам праз поўную паслухмянасць волі Айца ажно да крыжа і мукі Езус паказаў найглыбейшае значэнне таго, што значыць быць Сынам.

Сакрамэнт хросту ўводзіць нас у гэтую рэчаіснасць. Сыноўства становіцца тым больш праўдзівым, чым больш у ім ахвяравання сябе і падпарадкаванасці волі Нябеснага Айца. Падчас удзялення хросту, як гэта было і на Ярдане ў часы Яна Хрысціцеля, Езус паўстае перад намі як умілаваны Сын Айца, а мы пакліканыя да паслухмянасці Яму. З гэтага моманту мы павінны Яго слухаць! Менавіта падчас хросту мы атрымліваем ласку Божую, а ў духоўным сэнсе Дух Святы адкрывае нашыя вушы і дае нам здольнасць слухаць і прымаць жыццядайнае Слова.

Катэхумэны, або людзі, якія рыхтуюцца да хросту, праходзяць абрад Effatha. Гэта адзін са знакаў, які тлумачыць значэнне сакрамэнту хросту. Святар, дакранаючыся да вуснаў і вушэй новаахрышчанага чалавека, гаворыць: «Effatha», молячыся, каб у хуткім часе ён мог слухаць Божае слова і вызнаваць веру. «Гэта кароткае слова — Effatha. „Адкрыйся“ — перадае ўсю місію Хрыста, — гаварыў Папа Бэнэдыкт XVI. — Ён стаў чалавекам, каб чалавек, які быў унутрана глухі і нямы з прычыны граху, мог пачуць голас Бога, голас Любові, якая прамаўляе да яго сэрца, і такім чынам сам навучыўся гаварыць моваю любові, знаходзячы паразуменне з Богам і з іншымі».


Айцец Яраслаў Кравец ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней