Сёння разам з айцом дамініканінам Лукашам Місько ОР мы разважаем пра дзеянне Бога ў тым, што выглядае як самае непрыкметнае і непрыдатнае.

Нядзеля Святой Сям’і, год А (28.12.2025)

Калі [мудрацы] адышлі, анёл Пана з’явіўся Юзафу ў сне і сказаў: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе, бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб загубіць Яго». Падняўшыся, ён узяў Дзіця і Маці Яго ноччу і адправіўся ў Егіпет. Быў там да смерці Ірада, каб збылося сказанае Панам праз прарока: «З Егіпта Я паклікаў Сына Майго». <...>

Калі Ірад памёр, анёл Пана з’явіўся ў сне Юзафу ў Егіпце і сказаў: «Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды ідзі ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, хто хацеў забіць Дзіця». Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраэля. Пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест яго бацькі Ірада, пабаяўся вяртацца туды. Атрымаўшы ў сне наказ, пайшоў у Галілейскую зямлю. А калі прыйшоў, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае прарокамі, што Ён будзе названы Назаранінам.

(Мц 2, 13–15.19–23)

Сям’я

Назарэт… Той, які ў Галілеі… «Ці можа быць штосьці добрае з Назарэта?» (Ян 1, 46), «З Галілеі прарок не выйдзе!» — так Натанаэль у размове з Філіпам, а таксама фарысеі ў адказ на словы Нікадэма паказваюць, што думалі людзі пра гэтую вёску і ўсю земляробчую ваколіцу, у якой налічвалася каля 400 жыхароў.

Сям’я Езуса — маці Марыя і бацька Юзаф (прыёмны, хоць па-за біялагічным зачаццем ён ва ўсім выконваў функцыі сапраўднага бацькі). Цяжка думаць і гаварыць пра іх без пафасу, бо гэта ж уцелаўлёны Сын Бога, Яго Маці, якая не спазнала наступстваў першароднага граху (зразумела, «моцаю будучых заслугаў Сына») і Юзаф, муж справядлівы, які ў такім таварыстве меў ідэальныя ўмовы, каб стаць святым. А тое, што сёння мы больш асцярожна адносімся да агіяграфічнага пафасу (напэўна, слушна), то гэта вынік нашага (таксама слушнага) прагнення ўбачыць у іх падабенства да нас саміх, да нашай «звычайнасці» і неідэальнасці, вынік нашага жадання неяк зняць з п’едэстала гэты крыху раздражняльна ідылічны вобраз Святой Сям’і. Бо як канкрэтна ў нашых сем’ях наследаваць прыклад гэтай зусім нетыповай Сям’і?

«…[Юзаф] пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае прарокамі, што Ён будзе названы Назаранінам» (Мц 2, 23). Гэта каментар Евангеліста да апошняга даручэння анёла, якое Юзаф атрымаў у сне: пасля ўцёкаў у Егіпет ён усё яшчэ баіцца вярнуцца ў Юдэю з-за патэнцыйна варожага караля, таму анёл пасылае сям’ю Езуса ў малую галілейскую вёску. Хто з прарокаў гаварыў, што Месія прыйдзе з Назарэта? Ніхто. Затое многія, напрыклад, Ісая і Захарыя прадказваюць Месію непрыкметнага, пагарджанага людзьмі, Месію, які едзе на восліку. «Ці можа быць штосьці добрае з Назарэта?» Аднак жа з гэтага правінцыйнага, палітычна і эканамічна непрыдатнага месца Бог выводзіць найбольшае дабро — Збаўцу.

Гэта можа адбыцца ў кожным з нашых «Назарэтаў» такім жа чынам, як у доме Юзафа, Марыі і Езуса — сапраўднага Бога і сапраўднага чалавека: праз актыўнае слуханне, распазнаванне, шуканне волі Айца, святымі і ўмілаванымі якога мы з’яўляемся.


Лукаш Місько ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней