Сёння разам з айцом дамініканінам Яцакам Петшакам ОР мы разважаем пра тое, што азначае евангельскае заахвочванне «заўсёды маліцца».
XХІX Звычайная нядзеля, год С (19.10.2025)
[Езус] расказаў таксама ім [вучням] прыпавесць пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не падаць духам, кажучы: «У адным горадзе быў суддзя, які Бога не баяўся і людзей не саромеўся. Таксама была ў тым горадзе адна ўдава, якая прыйшла да яго і прасіла: “Абарані мяне ад праціўніка майго”. Але ён доўгі час не хацеў. А потым сказаў сам сабе: “Хоць і Бога не баюся, і людзей не саромеюся, але паколькі гэтая ўдава не дае мне спакою, абараню яе, каб яна не прыходзіла больш дакучаць мне”». І сказаў Пан: «Паслухайце, што кажа несправядлівы суддзя. Дык ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч, і ці будзе марудзіць у іх справе? Кажу вам, што неўзабаве абароніць іх. Аднак Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?»
(Лк 18, 1–8)
Жыццё ў Божай прысутнасці
Калі б чалавек штодзённа маліўся шэсць хвілінаў, а ў нядзелю правёў на Эўхарыстыі дадатковыя 59 хвілінаў, то ў суме прысвяціў бы малітве адзін працэнт свайго жыцця. Тым часам Езус заахвочвае «заўсёды маліцца і не падаць духам». Звычайна мы называем малітву размоваю з Богам. Але нават вельмі самалюбівыя людзі не ў стане ўвесь час размаўляць з самімі сабою. У любові больш важна быць адно з адным. Няспынная малітва — гэта ўсведамленне, што мы пастаянна прабываем у прысутнасці Бога.
Слова «заўсёды» сустракаецца таксама ў тым фрагменце Евангелля паводле Лукі, дзе міласэрны бацька гаворыць свайму старэйшаму сыну: «Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё» (Лк 15, 31). Аднак памятайма, што гэты сын не меў з бацькам добрых адносінаў. Ён быў блізка, але толькі фізічна. Ён адчуваў сябе як нявольнік, які павінен працаваць для бацькі, але яму не прыйшло ў галаву, што бацьку можна аб чымсьці папрасіць. Бацька здаваўся яму кімсьці далёкім, каму цяжка распавесці пра свае прагненні і перажыванні.
Усведамленне Божай прысутнасці дапамагае нам зразумець, што малітва — гэта не праца, а адносіны. Бог — сведка ўсіх нашых поспехаў і паражэнняў, малых і вялікіх. Таму варта раз на нейкі час сказаць Богу хоць адно слова. Падзякаваць за тое, што ўдалося, і папрасіць сілаў для таго, што здаецца занадта цяжкім. Бог — не «несправядлівы суддзя», якому людзі дураць галаву. Ён — любячы Айцец, які чакае, калі дзеці прыйдуць расказаць Яму пра свае цяжкасці і радасці.
Усведамленне таго, што мы прабываем у Божай прысутнасці, захоўвае нас ад зла. Езус просіць у малітве «не падаць духам». Грэцкае слова μὴ ἐγκακεῖν (me enkakein) даслоўна азначае «не быць у зле». Калі чалавек перастае маліцца, ён адразу сутыкаецца са сваім ворагам, становіцца як тая ўдава з прыпавесці, што не здольная абараніцца ад свайго праціўніка. Падобная думка заключана ў першым чытанні. Калі Майсей трымаў рукі паднятымі ўверх, ізраэльцяне перамагалі амалекіцянаў, а калі апускаў іх, перамагалі іх праціўнікі. Давайце заўсёды жыць у Божай прысутнасці, каб заўсёды атрымліваць ад Бога дапамогу і падтрымку.
Яцак Петшак ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

