Наша штодзённая «праказа»

Сёння разам з айцом дамініканінам Шыманам Бялікам ОР мы разважаем пра разбурэнне муроў паміж «сваімі» і «чужымі».

XXVІІІ Звычайная нядзеля, год С (12.10.2025)

Калі Езус ішоў у Ерузалем, праходзіў праз Самарыю і Галілею. І калі Ён уваходзіў у адну вёску, сустрэлі Яго дзесяць пракажоных, якія, стаўшы здалёк, моцным голасам казалі: «Езу, Настаўнік, змілуйся над намі!» Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: «Ідзіце, пакажыцеся святарам». А калі адышлі, яны ачысціліся. Адзін з іх, убачыўшы, што быў вылечаны, вярнуўся і моцным голасам праслаўляў Бога, і, упаўшы ніцма да ног Ягоных, дзякаваў Яму. А быў гэта самаранін. Тады Езус сказаў: «Ці не дзесяць было ачышчаных? Дзе ж дзевяць? Не знайшлося нікога, хто б вярнуўся праславіць Пана, акрамя гэтага чужынца?» І сказаў яму: «Устань, ідзі; вера твая ўратавала цябе».

(Лк 17, 11–19)

Наша штодзённая «праказа»

Слова Божае не дае нам расслабіцца, не дазваляе ўцячы ад гэтага свету, бо прыйшло не для таго, каб аддзяліць нас ад свету, але каб мы сведчылі пра Яго ў свеце. Евангелле — не падручнік па іміграцыйнай палітыцы, а святло, якое асвячае кожнага чалавека і ўсе яго справы, у тым ліку тыя, што звязаныя з мяжою «свой–чужы».

Езус ідзе ў Ерузалем шляхам, тыповым для галілейскіх пілігрымаў. Праз памежную зямлю. Незвычайна менавіта тое, што Ён не баіцца пераходзіць мяжу. Не пагарджае самаранамі, хоць тыя Яго не прымаюць, бо Ён — габрэй. Праз некалькі гадоў, ужо пасля ўваскрасення, дзякуючы місіі Яго вучняў менавіта самаране прымуць Евангелле і стануць першымі «чужымі», з якіх пачне ўзрастаць Касцёл. Аздараўленне, пра якое мы чулі ў сённяшнім чытанні і за якое падзякаваў «гэты чужынец», упісваецца ў Хрыстовае разбурэнне муру варожасці, прароча падрыхтаванае ўжо за некалькі стагоддзяў дагэтуль. У часы Елісея так было з сірыйцам, у часы Езуса — з самаранінам. А сёння? Які чужынец атрымае аздараўленне праз Евангелле <...> ў каталіцкай краіне Еўропы?

Перад абліччам аднаго з найбольшых выклікаў цывілізацыі нам неабходна святло Евангелля. <...> Думаю, што за ксенафобіяй стаіць глыбока ўтоены страх перад канфрантацыяй з чужынцам, які аголіць слабасць нашай веры. У Францыі пераважная большасць людзей, якія звоняць на радыёперадачу «Ксёндз табе адкажа», ніколі ў сваім жыцці не сустракалі хрысціяніна. Да першага кантакту іх схіліла пустка ў жыцці і сведчанне веруючых мусульманаў. Ёсць і другі полюс гэтай грамадскай хваробы: нелюбоў да сябе. Безумоўная адкрытасць — гэта толькі знешні паліятыў, які вяртае добрае самаадчуванне. Бо немагчыма любіць бліжняга, не любячы самога сябе. Езу, Настаўнік, злітуйся над намі!


Шыман Бялік ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней