Сёння разам з айцом дамініканінам Лукашам Місько ОР мы разважаем пра небяспеку замыкання на ўласным камфорце, які пазбаўляе нас чуйнасці сэрца.

XXVІ Звычайная нядзеля, год С (28.09.2025)

Езус сказаў фарысеям:

«Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень цудоўна баляваў. А нейкі жабрак, імем Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі прыходзілі і лізалі ягоныя струпы. Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты, і быў пахаваны. У адхлані, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае і ўбачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным. Усклікнуўшы, ён сказаў: “Ойча Абрагаме, змілуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў мой язык, бо я пакутую ў полымі гэтым”. Але Абрагам сказаў: “Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро пры жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш. І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці”. Тады сказаў ён: “Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго, бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты”. Абрагам адказаў: “У іх ёсць Майсей і Прарокі, няхай слухаюцца іх”. А той сказаў: “Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца”. Тады Абрагам сказаў яму: “Калі Майсея і Прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць”».

(Лк 16, 19–31)

Вялыя сэрцы

Ці ведаў багаты чалавек імя Лазара? Напэўна, калі пышнае застолле заканчвалася, ён, прыбраны ў пурпур і бісер, выходзіў на вуліцу, каб усе яго бачылі і дзівіліся, — тады ён павінен быў праходзіць міма чалавека, які ляжаў каля брамы, пакрыты струпамі і адзеты ў лахманы. Праходзячы міма Лазара, ці паглядзеў хоць калі-небудзь багаты чалавек яму ў вочы, ці запытаў яго імя? А можа, ён і не хацеў яго бачыць…

А тыя бесклапотныя і самаўпэўненыя жыхары Сіёна і Самарыі, якія ляжалі «на ложах са слановай косці» і не перажывалі з-за падзення дому Юзафа… Мне цікава, калі яны перасталі адчуваць дыскамфорт з-за таго, што яны самі пад гукі арфы намашчаюцца духмянымі алеямі, пакуль іх народ гіне?

Сёння Божае слова моцна ўзрушвае мяне: я павінен змагацца (пар. 1 Цім 6, 11–16). Змагацца супраць вяласці сэрца. Імкненне да справядлівасці, пабожнасці, веры, любові, вытрываласці, лагоднасці — гэта змаганне, гэта высілак, рашэнне пайсці пад гару. Гэта выйсце насустрач іншаму з мэтаю пазнаць яго імя, яго гісторыю, яго раны… Гэта дзеянне насуперак маёй «гравітацыі» да выгады. Напэўна, ні багаты чалавек з прыпавесці, ні раскрытыкаваныя Амосам жыхары Самарыі і Ерузалема не заплямілі рукі крывёю, сваю маёмасць яны сумленна здабылі або атрымалі ў спадчыну і — хто ж ведае — можа, яны былі нават сімпатычнымі людзьмі, але вяласць сэрца прывяла да таго, што яны аслеплі на тое, што адбываецца навокал, і замкнуліся ў сабе. «Ты ж, чалавеча Божы, імкніся да справядлівасці…» (пар. 1 Цім 6, 11).

«Праўда — гэта сувязь паміж словамі і рэчамі, паміж імёнамі і тварамі», — сказаў папа Леў XIV моладзі падчас Юбілейнай сустрэчы ў Рыме. Ён таксама адзначыў, што пошукі праўды могуць засцерагчы ад вяласці павярхоўных адносінаў, якія фармуюцца ў свеце сацыяльных масмедыя, у свеце алгарытмаў, якія замыкаюць нас у «бурбалцы» поглядаў, падобных да нашых. Святы Айцец таксама сказаў пра неабходнасць радыкальнага выхаду насустрач іншаму, пра шчырыя і стабільныя адносіны, без якіх немагчымае сталае, добрае жыццё.

Абудзі сэрца!.. Пазнай Лазара!.. Палюбі яго, а ў ім — Бога.


Лукаш Місько ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней