Сёння разам з айцом дамініканінам Яцакам Петшакам ОР мы разважаем пра тры галоўныя прынцыпы, якіх неабходна прытрымлівацца ў дасягненні жыццёвых мэтаў.
XXV Звычайная нядзеля, год С (21.09.2025)
Езус сказаў вучням сваім: «Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго. Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам”. Тады эканом сказаў сам сабе: “Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся. Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам”. Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: “Колькі ты павінен гаспадару майму?” Той сказаў: “Сто кадзяў алею”. Тады сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзясят”. Потым другому сказаў: “А ты колькі павінен?” Той сказаў: “Сто кор пшаніцы”. І яму сказаў: “Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят”. І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення.
І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры. Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім.
Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае? І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае?
Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне».
(Лк 16, 1–13)
Тры прынцыпы кіравання
Кожны чалавек у пэўным сэнсе кіраўнік, якому Бог даў жыццё і даверыў клопат пра пэўную сферу зямнога свету. Вопыт паказвае, што ў гэтым кіраванні мы робім шмат памылак, таму Езус вучыць нас, як паступаць, каб не растраціць дарэмна атрыманых дароў.
Першы прынцып заключаецца ў вызначэнні выразнай мэты і кірунку дзеянняў. Часта людзі марнуюць сваё жыццё, бо самі не разумеюць, чаго хочуць дасягнуць і што для іх сапраўды важнае. У прыпавесці Езуса такім з’яўляецца эканом, які растрачваў маёмасць свайго гаспадара. Дзеяслоў «растрачваць» — διασκορπίζω (diaskorpizō) — сустракаецца таксама ў папярэднім раздзеле Евангелля паводле Лукі, дзе мы чытаем пра марнатраўнага сына, які растраціў маёмасць свайго бацькі і апынуўся са свіннямі ў хляве. Легкадумны чалавек марнуе сваё жыццё, бо не задумваецца пра наступствы ўласных словаў і ўчынкаў. Таму Езус заклікае нас да разважлівасці, гэта значыць, да выбару такіх сродкаў, якія гарантуюць дасягненне пастаўленых мэтаў. У Год надзеі ўзгадаем, што галоўная мэта хрысціяніна — вечнае збаўленне ў Божым Валадарстве.
Другі прынцып кіравання, якому вучыць нас Езус, грунтуецца на тым, што сапраўдны скарб — гэта не матэрыяльныя даброты, а людзі. У самых буйных сучасных кампаніях, такіх як Apple ці Google, найбольшую каштоўнасць маюць нематэрыяльныя рэсурсы — марка, рэпутацыя, давер кліентаў. У прыпавесці Езуса гаспадар пахваліў эканома, калі той пачаў турбавацца аб добрых адносінах з іншымі. Змяншаючы ім даўгі, эканом не толькі паклапаціўся такім чынам пра сваю будучыню, але ўзмацніў таксама рэпутацыю гаспадара, паказваючы людзям, што ён добры і міласэрны. Варта памятаць, што дараванне даўгоў — гэта евангельская метафара прабачэння. Калі мы праяўляем міласэрнасць у адносінах да іншых, то тым самым сведчым праз міласэрнасць Бога.
Трэці прынцып кіравання датычыць вернасці. Калі мы насамрэч хочам ісці да неба і ведаем, што сапраўдны скарб — гэта любоў, а не золата, то неабходна прытрымлівацца правілаў, якія мы выбралі самі ў свабодзе сэрца. Езус гаворыць проста: «Не можаце служыць Богу і мамоне». Любыя нашыя рашэнні, нават у самых нязначных справах, фармуюць наш духоўны характар і нашую будучыню. Таму вельмі важна захоўваць вернасць, якая не дае нам заблукаць і аддаліцца ад жаданай мэты.
Яцак Петшак ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

