Сёння разам з айцом дамініканінам Лукашам Місько ОР мы разважаем пра пошукі Бога ў святыні, у бліжнім і ва ўсім стварэнні.
ХІІ Звычайная нядзеля, год С (22.06.2025)
Калі Езус маліўся ў самоце, былі разам з Ім вучні. Ён спытаўся ў іх: «Кім лічаць Мяне людзі?» Яны сказалі ў адказ: «Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, яшчэ іншыя кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос». Тады Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Пётр, адказваючы, сказаў: «Месіяй Божым». Але Ён, забараніўшы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта, кажучы, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць. А ўсім сказаў: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною. Бо, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго».
(Лк 9, 18–24)
Шукаю. Прагну
«Божа, Ты мой Бог, Цябе шукаю» (Пс 63, 2); «А вы кім лічыце Мяне?» (Лк 9, 20) — упершыню я ўбачыў узаемасувязь паміж гэтымі двума фрагментамі сённяшняй літургіі слова. Я слухаў чытанні ў машыне, пакуль ехаў па вузкай мясцовай дарозе праз шырокія, зазелянелыя, квітнеючыя палі Ніжняй Сілезіі, і ўсвядоміў, што шукаў Яго і прагнуў яшчэ да таго, як пачуў гэтыя словы: цела маё, нібы высахлая зямля, сумавала па Ім у апошнія тыдні інтэнсіўных праектаў, якія патрабавалі шмат увагі; я глытнуў вады, цішыні, надыхаўся паветрам гэтых зялёных палёў здалёк ад экрана і пабыў хоць хвіліну ў адзіноце, каб пачуць уласныя думкі…
Можа, гэта ўжо і ёсць Бог? Вясновае жыццё, рэальнасць, час і прастора для сузірання — і гэта ўсё неабавязкова ў святыні? «Вы кім лічыце Мяне?» — словы, якія я сёння звязаў з 63-м псальмам, не толькі акадэмічнае пытанне пра ідэнтычнасць Настаўніка, але вельмі практычная заўвага для мяне: з таго, кім Ён ёсць, вынікае тое, дзе я буду Яго шукаць і як буду Яго прагнуць. «Усе вы… у Хрыста апрануліся» (Гал 3, 26–27), «усе вы адно ў Хрысце» (Гал 3, 28). Калі я — у Ім, то шукаю Яго ў сабе, калі мы ўсе разам з Ім — адно цела, то я шукаю і прагну Яго ў табе.
А святыня? «Так, у святыні я ўглядаюся ў Цябе, каб убачыць Тваю сілу і славу» (Пс 63, 3), — спявае псальміст Богу, свайму Богу, хвала якога аб’яўлялася ў Ерузалеме. Я прышчэплены ўжо да новага вінаградніка, але ўвесь час яшчэ выглядваю Новы Ерузалем, мне патрэбна літургія, святыя знакі і культ у супольнасці, каб ачысціць, сканцэнтраваць і адпаведным чынам скіраваць свае пошукі. Аднак потым — на самай справе адначасова, бо гэта спантанная дынаміка ўсяго майго шляху — я прагну Яго і шукаю, углядаюся ў Яго ў гэтай святыні, не абмежаванай мурамі, у святыні стварэння, якую Бог сваёю моцаю і хвалою паклікаў да існавання, у святыні, якою ёсць і ты, мой спадарожнік. Таму я вельмі хачу няспынна ўзносіць рукі і праслаўляць Яго сваімі вуснамі.
Лукаш Місько ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

