Бог — гэта адносіны

Сёння разам з айцом дамініканінам Яцакам Петшакам ОР мы разважаем пра шчасце ў міжчалавечых стасунках, якога можна дасягнуць толькі тады, калі яны будуць падобнымі да ўзаемаадносінаў трох Боскіх Асобаў.

Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, год С (15.06.2025)

Езус сказаў сваім вучням: «Яшчэ шмат чаго маю сказаць вам, але цяпер вам гэтага не знесці. Калі ж прыйдзе Ён, Дух праўды, навучыць вас усёй праўдзе. Бо не ад сябе будзе прамаўляць, а будзе казаць вам усё, што пачуе, і будучыню абвесціць вам. Ён уславіць Мяне, бо ад Майго возьме і абвесціць вам. Усё, што мае Айцец, гэта маё. Таму Я сказаў вам, што з Майго возьме і абвесціць вам».

(Ян 16, 12–15)

Бог — гэта адносіны

З псіхалагічных даследаванняў вынікае, што шчаслівы той чалавек, які знаходзіцца ў добрых стасунках з іншымі людзьмі. Гэтае навуковае назіранне добра ўпісваецца ў асноўную праўду нашай веры — праўду аб Найсвяцейшай Тройцы. Мы верым у Бога, які з’яўляецца супольнасцю трох Боскіх Асобаў: Айца, Сына і Духа Святога. Іх яднае адна Боская натура, а «вызначаюць» Іх адносіны, якія ёсць паміж Імі. Можна сказаць, што Бог — гэта адносіны: адносіны айцоўства, сыноўства і подых... Бог — гэта паўната шчасця, таму што тры Боскія Асобы адорваюць адна адну ўзаемна так, што ўжо ніводная з Іх ні ў чым не мае патрэбы.

Паколькі мы створаныя паводле вобразу і падабенства Божага, то мы станем больш чалавечнымі тады, калі будзем ствараць і будаваць супольнасці, угрунтаваныя на праўдзівых асабовых адносінах. Можна сказаць, што сёння мы перажываем камунікацыйны бум. Колькасць адносінаў лавінападобна павялічваецца, але, на жаль, нельга сказаць гэтага пра іх якасць. Большасць стасункаў не робіць нас шчаслівымі, бо дамінуюць камерцыйныя адносіны, умоўныя, павярхоўныя і віртуальныя. Мы цудоўна можам утвараць супольнасці па інтарэсах, дзе абменьваемся пэўнымі дабротамі, але не аддаем сябе цалкам. Мы можам будаваць віртуальныя адносіны, але часта ў іх няма ўсёй праўды, бо мы паказваем толькі свае лепшыя бакі або ўдаем з сябе кагосьці іншага, не таго, кім мы ёсць. Мы капіюем чужыя адносіны замест таго, каб радавацца таму, што можам ствараць уласныя. Такім чынам тэхналогіі, якія павінны былі стаць благаслаўленнем, сталі таксама нашаю найбольшаю пагрозаю. Гэта заўважыў Папа Францішак, які ў апошні месяц свайго Пантыфікату маліўся, «каб выкарыстанне новых тэхналогій не замяніла міжчалавечых адносінаў, адбывалася ў атмасферы пашаны да кожнага чалавека і дапамагала супрацьстаяць крызісам нашага часу».

У Нядзелю Найсвяцейшай Тройцы просім Бога, каб Ён дапамог нам ствараць рэальныя адносіны, праўдзівыя і безумоўныя; адносіны, у якіх мы адчуем сябе любімымі і ў якіх пажадаем любіць; адносіны, якія зробяць нас больш адкрытымі на іншых людзей. Так дзейнічае Бог, любоў якога «вылілася ў сэрцы нашыя праз Духа Святога, які дадзены нам» (Рым 5, 5).


Яцак Петшак ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней