Сёння разам з айцом дамініканінам Лукашам Місько ОР мы разважаем пра тое, адкуль мы можам чэрпаць суцяшэнне і сэнс жыцця.
VІ Велікодная нядзеля, год С (18.05.2025)
Езус сказаў сваім вучням: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго, і зробім жыллё ў яго. Хто не любіць Мяне, той не захоўвае слоў Маіх. А слова, якое вы чуеце, не Маё, а Айца, які паслаў Мяне.
Я сказаў вам гэта, будучы з вамі. А Суцяшыцель, Дух Святы, якога Айцец пашле ў імя Маё, навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам. Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет, Я вам даю. Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца. Вы чулі, што Я сказаў вам: адыходжу і прыйду да вас. Калі б вы Мяне любілі, то радаваліся б, што Я іду да Айца, бо Айцец Мой большы за Мяне. І цяпер Я сказаў вам, перш чым гэта станецца, каб вы паверылі, калі гэта станецца».
(Ян 14, 23–29)
Памяць пра будучыню
Калі нам у жыцці сумна і цяжка, часта нам раяць засяродзіцца на добрых успамінах. Цяперашні момант можа быць вельмі цяжкім… Гэта праўда, таму актуалізацыя добрых успамінаў можа ўнесці крыху святла ў змаганне ці ў страты, якія напаўняюць болем наш сённяшні дзень. Але хіба маюць моц нарадзіць надзею на добрую будучыню нават самыя энтузіясцкія экскурсы ў мінулыя перажыванні, якія абуджаюць пачуццё ўдзячнасці? Калі ў мінулым мне было лепш, ці можа гэта даць штосьці большае, чым статыстычную верагоднасць, што зноў так будзе?
«Адыходжу і прыйду да вас». А Суцяшыцель «навучыць вас усяму і нагадае вам пра ўсё, што Я сказаў вам». «Спакой пакідаю вам», — гэта гаворыць Логас, або Слова і Сэнс. Гаворыць пра сваю адсутнасць. Зразумела, перш за ўсё пра канец зямной прысутнасці і адыход да Айца, «узыход на неба», але, можа, крыху таксама пра невідавочны сэнс таго, праз што праходзіць кожны з нас? Нягледзячы на «хрысціянскі светапогляд», нягледзячы на практыку веры (больш ці менш актыўную), пытанне пра сэнс шляху застаецца, асабліва тады, калі гэты шлях ідзе пад гару. Узнікаюць таксама пытанні пра вызначэнне каштоўнасцяў, выбар і абгрунтаванне сродкаў, характар супольнасці… Як у сённяшнім першым чытанні…
Езус жа абяцае нам дом. Абяцае, што разам з Айцом будзе жыць у таго, хто захавае Яго вучэнне. Гэтае месца — новы горад-святыня — ужо па-за часам напоўненае святлом Яго прысутнасці. Ян гэта ўбачыў, а Суцяшыцель пасланы да кожнага вучня, каб далікатна нагадваць, здабываць з яго памяці і ажыўляць абяцанне, якому вучань даверыўся.
У гэтым напаміне і навучанні ёсць таксама рух у іншым кірунку: у кірунку будучыні. Спакой нараджаецца, калі дзякуючы Суцяшыцелю мы ўжо адчуваем, што ў нас жыве Бог, ужо цяпер праходзім па вуліцах горада з дванаццаццю брамамі. «Памяць» пра будучыню дапамагае правільна выбраць сродкі («не ўскладаць на вас болей ніякага цяжару, акрамя таго, што неабходна») і ў належным напрамку скіроўвае наш сённяшні дзень.
Лукаш Місько ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

