Сёння разам з айцом дамініканінам Яцакам Петшакам ОР мы разважаем пра аб’яўленне хвалы Бога ў тых, хто любіць і наследуе Яго.
V Велікодная нядзеля, год С (18.05.2025)
Калі Юда выйшаў з вячэрніка, Езус сказаў: «Цяпер уславіўся Сын Чалавечы, а Бог уславіўся ў Ім. Калі Бог уславіўся ў Ім, то і Бог уславіць Яго ў сабе, і хутка ўславіць Яго. Дзеці, яшчэ крыху Я буду з вамі.
<…>
Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго. Па гэтым усе пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго».
(Ян 13, 31–33а. 34–35)
Атачыць хвалою
Пан Езус распачынае сваю развітальную прамову ў Вячэрніку са сцвярджэння, што «ўславіўся Сын Чалавечы». Слова «ўславіцца» паўтараецца тут ажно пяць разоў. Перад набліжэннем сваёй мукі Езус запэўнівае вучняў, што, хоць усе Яго пакінуць, для Айца Ён заўсёды будзе важным, а Яго мука стане нагодаю для аб’яўлення Божай хвалы. Дастаткова сказаць, што кагорта, якую пасля завяршэння вячэры прывёў Юда, упала перад Езусам ніцма, а падчас суда Пілат насуперак усім паўтарае і загадвае напісаць, што Езус — Кароль юдэйскі.
Аднак Хрыстус у сваіх словах стараецца падрыхтаваць вучняў да таго, што станецца пасля мукі і ўваскрасення. Ён згадвае, што яшчэ крыху будзе з вучнямі, але дае зразумець, што Бог уславіць тых, хто будзе наследаваць Яго любоў. Сведчанне гэтага мы чуем у першым чытанні: пасля вяртання з місійнага падарожжа Павел і Барнаба распавядаюць, «як шмат Бог учыніў з імі і як Ён адчыніў брамы веры язычнікам».
Езус дае новую запаведзь, змяняючы старазапаветную дэфініцыю з Кнігі Левіта. Ён наказвае нам любіць бліжняга не так, «як самога сябе», а так, як Ён сам палюбіў нас. Гэта важнае адрозненне, бо чалавек без Бога часта выбірае фальшывыя формы любові, блытаючы іх з эгаізмам, эгацэнтрызмам ці нарцысізмам, а таксама паддаецца расчараванню і адкідае самога сябе. У такіх адносінах цяжка знайсці прыкметы Божай хвалы.
Новая запаведзь, якую дае Езус, прадвызначае таксама новы парадак і хвалу, якія мы спазнаем у небе. Пра гэта мы чытаем у Апакаліпсісе, дзе Ян апісвае «новае неба і новую зямлю». У гэтай новай рэчаіснасці чалавек будзе жыць разам з Богам. Ужо ніхто не будзе адчуваць сябе не важным і не любімым, бо ўсе адносіны будуць збудаваныя на падмурку досведу бязмежнай любові Бога. Такім чынам новая чалавечая супольнасць стане супольнасцю тых, хто ўслаўлены Богам, і адначасова супольнасцю, у якой услаўлены Бог.
Яцак Петшак ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

