Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгашам Курасем ОР мы разважаем пра тое, што для Бога мы — перш за ўсё Яго дзеці, нягледзячы на нашую грэшнасць.

ІV Нядзеля Вялікага посту, год С (30.03.2025)

Набліжаліся да Езуса ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. А фарысеі і кніжнікі наракалі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі». Тады Ён расказаў ім наступную прыпавесць, кажучы: «У аднаго чалавека было два сыны. Малодшы з іх сказаў бацьку: „Ойча, дай належную мне частку маёмасці“. І той падзяліў паміж імі маёмасць. Праз некалькі дзён малодшы сын забраў усё, ад’ехаў у далёкі край і там растраціў сваю маёмасць, жывучы распусна. А калі выдаў усё, настаў вялікі голад у тым краі, і ён апынуўся ў нястачы. Тады пайшоў і наняўся да аднаго жыхара гэтага краю, а той паслаў яго на свае палі пасвіць свіней. Ён жадаў напоўніць жывот свой стручкамі, што елі свінні, але ніхто не даваў іх яму. Апамятаўшыся, ён сказаў: „Колькі наймітаў у майго бацькі маюць удосталь хлеба, а я гіну тут з голаду. Устану і пайду да айца майго, і скажу яму: Ойча, я зграшыў супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам. Прымі мяне як аднаго з наймітаў тваіх“. І ён устаў, і пайшоў да свайго бацькі.

А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго. А сын сказаў яму: „Ойча, зграшыў я супраць неба і перад табою. Я ўжо не варты называцца тваім сынам“. Бацька ж сказаў слугам сваім: „Прынясіце хутчэй найлепшую вопратку і апраніце яго, і надзеньце пярсцёнак на руку яго і сандалі на ногі. Прывядзіце адкормленае цяля і зарэжце. Будзем есці і весяліцца, бо гэты сын мой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся“. І пачалі весяліцца.

А яго старэйшы сын быў на полі. Калі, вяртаючыся, падышоў да дому, пачуў музыку і танцы. Паклікаўшы аднаго са слугаў, спытаўся, што гэта такое. Той адказаў яму: „Брат твой вярнуўся, і бацька твой зарэзаў адкормленае цяля, бо атрымаў яго назад здаровым“. Ён жа разгневаўся і не хацеў уваходзіць. Тады выйшаў бацька ягоны і пачаў прасіць яго. Але ён адказаў свайму бацьку: „Вось я столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, але ты ніколі не даў мне нават казляняці, каб я павесяліўся з маімі сябрамі. А калі вярнуўся гэты сын твой, які змарнаваў тваю маёмасць з распусніцамі, ты зарэзаў для яго адкормленае цяля“. Ён жа адказаў яму: „Дзіця, ты заўсёды са мною, і ўсё маё — тваё. А цешыцца і весяліцца трэба было таму, што гэты брат твой быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся“».

(Лк 15, 1–3. 11–32)

Найперш — сын

Мы добра ведаем гэтую прыпавесць, якая мае шмат перастварэнняў у мастацтве, а ў маўленні стала крыніцаю фразеалагічнага выразу, што абазначае чалавека, які вярнуўся пасля самотнага паражэння, разлічваючы хоць на крыху разумення і на паўторнае прыняцце. Марнатраўны сын — вось наш персанаж.

Як бы мы ні чыталі гэты тэкст і як бы ні ўглядаліся паміж яго радкоў, мы нідзе там не знойдзем прыметніка «марнатраўны». Мы выводзім яго з кантэксту, падагульняючы пачутае, але ніводзін з герояў і тым больш сам Аўтар прыпавесці не выкарыстаў гэтага слова. Не прамовіў яго нават старэйшы брат, які гаворыць пра растрачванне бацькавай маёмасці. Грэцкі тэкст даслоўна перакладаецца так: «Гэты сын твой, які з’еў жыццё тваё…» Марнатраўства — толькі ў нашых здагадках.

Гледзячы на тое, як паводзіць сябе малодшы сын, мы можам назваць яго «бессаромным сынам», бо ён просіць сваю частку маёмасці пры жыцці бацькі; «карыслівым сынам», бо ён абдумвае, як увайсці ў ласку да бацькі пасля таго, як растраціў усю маёмасць. Аднак у дадзеным выпадку зыходным пунктам у ацэнцы гэтага чалавека будуць яго паражэнне, грэх і — нягледзячы на ўсё — асабістая трагедыя.

Тым часам для бацькі з гэтай прыпавесці і малодшы, і старэйшы сыны — перш за ўсё яго дзеці. Так ён да іх і звяртаецца: «Дзіця… Брат твой…» Адзіны, хто не змяняе сваёй думкі пра самых блізкіх, — гэта менавіта бацька. З першага да апошняга слова ў гэтай прыпавесці ён любіць сваіх дзяцей.

Гэта не адзіны аповед пра Бога Айца ў Евангеллі паводле святога Лукі — ёсць таксама аповеды пра сумленны Божы Суд (напрыклад, Лк 16, 19–31), і ў кожным з іх адкрываецца новая ісціна пра Бога Айца. Прыпавесць з сённяшняга Евангелля гаворыць пра тое, што для Бога мы заўсёды і ў першую чаргу — Яго дзеці. Гэта першая праўда пра нас, якую Бог нам нагадвае, калі мы да Яго вяртаемся: «Трэба цешыцца і весяліцца таму, што ты быў мёртвы і ажыў, прапаў і знайшоўся».


Айцец Гжэгаж Курась OP
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.

Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней