Сёння разам з айцом дамініканінам Лукашам Місько ОР мы разважаем пра грэх наракання, які моцна аддаляе нас ад Бога.

ІІІ Нядзеля Вялікага посту, год С (23.03.2025)

У той час прыйшлі некаторыя і расказалі Езусу пра галілейцаў, кроў якіх Пілат змяшаў з іх ахвярамі. А ён адказаў ім на гэта: «Думаце, што гэтыя галілейцы былі большымі грэшнікамі за ўсіх галілейцаў, калі так пацярпелі? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце. Думаеце, што тыя васямнаццаць, на якіх упала сілаамская вежа і забіла іх, былі больш вінаватыя за ўсіх людзей, якія жылі ў Ерузалеме? Не, кажу вам; але калі не пакаецеся, усе таксама загінеце».

І расказаў такую прыпавесць: «Адзін чалавек меў у сваім вінаградніку пасаджаную смакоўніцу і прыйшоў шукаць на ёй плоду, але не знайшоў. Тады сказаў вінаградару: „Вось я трэці год прыходжу шукаць плоду на гэтай смакоўніцы, і не знаходжу. Ссячы яе. Навошта яна займае зямлю?“ Але той сказаў яму ў адказ: „Пане, пакінь яе на гэты год. Я абкапаю яе і абкладу гноем. Можа, прынясе плод у будучым, а калі не, ссячэш яе“».

(Лк 13, 1–9)

Нараканне забівае

Grumble (англ.), grommeler (фр.), murren (ням.), refunfuñar (ісп.). Наракаць. У гэтых пяці сучасных мовах (у іншых я не правяраў), як і ў новазапаветнай грэцкай, слова са значэннем «ціхага выражэння незадаволенасці» з’яўляецца гукапераймальным. Само яго гучанне ўзнаўляе ў многіх з нас пачуццё дыскамфорту, калі, напрыклад, на якой-небудзь праведзенай намі сустрэчы ўдзельнікі ўжо не толькі мімікай, але таксама ўсё менш прыхаванымі шэптамі паказваюць неадабрэнне.

«Не наракайце, як некаторыя з іх наракалі і загінулі ад згубіцеля» (1 Кар 10, 10), — чуем мы сёння ў другім чытанні пра ізраільцянаў у пустыні, герояў Кнігі Зыходу. Атрымліваецца, што нараканне можа быць чымсьці нашмат больш сур’ёзным, чым дыпламатычная нетактоўнасць… На шляху да зямлі абяцанай народ некалькі разоў наракаў на Пана, Майсея і Аарона, нягледзячы на знакі і цуды (напрыклад, спажыванне духоўнай ежы і піццё з духоўнай скалы — Хрыста) — і гэта сведчыць не столькі пра недахоп выхавання, але і пра няздольнасць распазнаць Божае дзеянне. Можна прабываць пад воблакам, праходзіць праз Чырвонае мора, есці манну з неба і адначасова захоўваць дыстанцыю і не даверыцца гэтай рэчаіснасці цалкам — ці не гэта спараджае ў нас нараканне? Ці не ёсць нараканне адмаўленнем праўды пра тое, што Пан аб’явіў Майсею: Я ЁСЦЬ ТОЙ, ЯКІ ЁСЦЬ (пры табе)? А гэта ўжо вельмі сур’ёзная справа, справа жыцця і смерці.

Перасцярога з Паслання да Карынцянаў упісваецца ў «wake up call» сённяшняй літургіі. Вежы сілаамскія ўсё яшчэ пераварочваюцца, забіваючы нявінных жыхароў, а Пілаты рознага гатунку ўвесь час забіваюць галілейцаў. Гэтага мы не зменім. Аднак мы можам зрабіць іншае: навярнуцца і паверыць Богу, і прытым неадкладна. А калі да гэтага часу мы яшчэ не навярнуліся (можа, аддаленыя ад Бога з-за цынічнага наракання), то ўбачым каля сябе цярплівага Садоўніка нашых душаў, Хрыста, гатовага яшчэ «на гэты год» атуліць нас асабліваю апекаю, каб мы прынеслі плод.


Лукаш Місько ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней