Узнясенне душы да Бога

Сёння разам з айцом дамініканінам Яцакам Петшакам ОР мы разважаем пра малітву, якая дае магчымасць паглядзець на рэчаіснасць з перспектывы неба.

ІІ Нядзеля Вялікага посту, год С (16.03.2025)

Узяўшы з сабою Пятра, Яна і Якуба, Езус узышоў на гару памаліцца. Калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым. І вось, два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля. Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме. Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім. А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: «Настаўнік, добра нам тут быць. Таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін для Іллі». Не ведаў ён, што казаў. Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі тыя ўвайшлі ў воблака. А з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце». Калі гучаў гэты голас, Езус застаўся адзін. А яны маўчалі і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.

(Лк 9, 28b–36)

Узнясенне душы да Бога

14 кастрычніка 2012 года адзін адважны аўстрыяк скочыў на зямлю з вышыні 40 км і бяспечна прызямліўся — зразумела, з дапамогаю парашута. Пад’ём на шары ў яго заняў больш за дзве з паловаю гадзіны, а вяртанне на зямлю — няпоўныя дзевяць хвілінаў. Перад скачком ён сказаў: «Я хацеў бы, каб іншыя бачылі тое, што я бачу. Часам трэба апынуцца так высока, каб зразумець, які ты малы».

Падобнае прагненне было ў Езуса, які ўзяў з сабою Апосталаў на гару, каб маліцца з імі. Ён жадаў аб’явіць ім сваю хвалу, але хацеў таксама, каб яны зразумелі, што пакліканыя да вялікіх рэчаў, якія пераўзыходзяць іх разуменне і ўяўленне. Падчас малітвы «выгляд твару Ягонага перамяніўся». Гэтаксама змяняўся твар Майсея пасля размовы з Богам на гары Сінай. Гэты знак паказаў вучням, што Езус — Хтосьці, вельмі блізкі да Бога. «Адзенне Ягонае стала бліскуча-белым». Адзенне прарока сімвалізуе Божую моц і намашчэнне Духам Святым. Ілля перадаў свой плашч Елісею і дзякуючы гэтаму ён змог чыніць цуды, а вучні Іллі зразумелі, што Дух, які быў на Іллі, спачыў на Елісеі. Гэтак жа і бліскучае адзенне Езуса сведчыць пра тое, што ў Ім дзейнічае Дух Божы. Езус размаўляў з Майсеем і Іллёю пра свой адыход. Грэцкае слова exodos ужываецца тады, калі гутарка ідзе пра зыход ізраільцянаў з Егіпта. Пасля смерці і ўваскрасення Езуса вучні зразумеюць, што Езус чыніць рэчы большыя, чым Майсей, бо выводзіць чалавека з няволі граху і скіроўвае яго да больш дасканалай зямлі абяцанай. Слова «адыход» можа таксама ўказваць на тое, што Езус, як і Ілля, адыдзе з гэтага свету, уваходзячы ў неба на вачах сваіх вучняў. Нібыта гэтага яшчэ замала, з воблака адгукаецца голас самога Бога, які паведамляе Апосталам, што Езус — Сын Божы. Адна малітва і адно аб’яўленне, якія дапамаглі вучням усвядоміць, што яны сталі ўдзельнікамі вялікіх Божых планаў.

Аднак найперш трэба пачаць маліцца. Святы Ян Дамаскін назваў малітву «узнясеннем душы да Бога». Звычайна ўжо на самым пачатку мы спазнаем «сілу гравітацыі», якая наказвае нам застацца пры ўсім тым, што зямное, а не Божае; прамінальнае, а не вечнае; пільнае, але не найважнейшае. Варта трываць на малітве, нягледзячы на гэтыя выпрабаванні, бо тады ёсць шанец, што мы паглядзім на рэчаіснасць з перспектывы Пана Бога.


Яцак Петшак ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней