
Сёння разам з айцом дамініканінам Яцакам Петшакам ОР мы разважаем пра ўдзел Езуса «ў вясельнай гасціне» нашага жыцця.
ІІ Звычайная нядзеля, год С (19.01.2025)
Было вяселле ў Кане Галілейскай, і Маці Езуса была там. Быў запрошаны на вяселле таксама Езус і вучні Ягоныя. Калі скончылася віно, Маці Езуса сказала Яму: «Не маюць віна». Адказаў Ёй Езус: «Ці гэта Мая або Твая справа, жанчына? Яшчэ не прыйшла гадзіна Мая». Маці Яго сказала слугам: «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце».
Было ж там шэсць каменных збаноў, пастаўленых для юдэйскага ачышчэння, якія змяшчалі дзве або тры меры. Сказаў ім Езус: «Напоўніце збаны вадою». І напоўнілі іх аж даверху. І кажа ім: «Цяпер чэрпайце і нясіце кіраўніку вяселля». І яны занеслі. Калі ж кіраўнік вяселля пакаштаваў вады, што стала віном (а ён не ведаў, адкуль яно, ведалі толькі слугі, якія чэрпалі ваду), паклікаў жаніха і сказаў яму: «Кожны чалавек падае спачатку добрае віно, а калі нап’юцца, тады горшае. Ты ж збярог добрае віно аж дагэтуль». Такі пачатак знакаў учыніў Езус у Кане Галілейскай і паказаў славу сваю, і паверылі ў Яго вучні Ягоныя.
Пасля гэтага прыйшоў у Кафарнаум, Ён і Маці Ягоная, і браты, і вучні Ягоныя, і прабылі там некалькі дзён.
(Ян 2, 1–12)
Абранніца
У Кане Галілейскай праходзіць вяселле, на якім не хапіла віна. Паводле біблійнай Традыцыі віно — гэта напой, які Бог даў, каб яно «весяліла сэрца чалавека» (Пс 104, 15). Такім чынам, можа здавацца, што гасціна, якая паводле сваёй назвы павінна прынесці ўсім сапраўдную радасць цела і духу, вось-вось скончыцца вялікім расчараваннем. Аднак да гэтага не даходзіць, бо сярод гасцей ёсць Езус, які бярэ на сябе задачу жаніха і забяспечвае гасцей лепшым віном, ды яшчэ ў вялікай колькасці.
Калі Езус у сімвалічным сэнсе становіцца Жаніхом, то Нявестаю трэба лічыць супольнасць. Па праўдзе кажучы, у евангельскім апісанні няма згадкі пра маладую. Можна зрабіць выснову, што пачатак публічнай дзейнасці Езуса — гэта Яго заручыны з супольнасцю Касцёла, якая яшчэ толькі абуджаецца да жыцця. Так спаўняецца прароцтва Ісаі, у якім Бог абяцае ізраільцянам, што іх народ стане Яго Абранніцаю і Ён ужо ніколі іх не пакіне: «Ужо не скажуць пра цябе: Пакінуты, — і зямлю тваю не будуць больш называць пустыняй. Але будуць называць цябе: Маё ўпадабанне ў ім, — а зямлю тваю замужняй, бо ты спадабаўся Пану, і зямля твая атрымае мужа» (Іс 62, 4).
Вяселле — гэта час радасці. Бог хоча, каб чалавек спазнаў шчасце. Калі ў нашым жыцці няма Бога, то рэчаіснасць пачынае нагадваць вяселле без віна, дзе ўсе расчараваныя, узаемна абвінавачваюць адзін аднаго і дзе замест радасці пануе злосць. Езус хоча прадухіліць гэта. Ёсць мноства справаў і праблемаў, якія Марыя заўважае і ў якіх заступаецца за нас, а Езус іх вырашае. Часта мы гэтага не бачым і не ўсведамляем. Сітуацыя ў Кане Галілейскай вучыць нас, што часам можна штосьці ўпусціць, дрэнна пралічыць, але нельга забыцца запрасіць у сваё жыццё Езуса і Марыю.
Усе, хто гуляе на вяселлі — гэта таксама супольнасць. На яго запрашаюць членаў сям’і, сваякоў і сяброў. На традыцыйным габрэйскім вяселлі госці абавязаныя былі весяліць маладых. Таму былі танцы, спевы або пацешныя прадстаўленні. Гэтак жа і ў супольнасці Касцёла мы пакліканыя да таго, каб падабацца Богу і людзям у адпаведнасці з тым, які мы атрымалі ад Бога талент. Пра гэта гаворыць святы Павел: «Розныя ёсць дары, але той самы Дух; розныя служэнні, але Пан адзін і той самы; розныя дзеянні, але той самы Бог, які робіць ўсё ва ўсіх» (1 Кар 12, 4).
Запрашайма ж Бога ў нашае жыццё і карыстаймася Божымі дарамі, каб споўніліся словы Ісаі: «Як жаніх радуецца нявесце, так узрадуецца табою твой Бог» (Іс 62, 5).
Яцак Петшак ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».