Сёння разам з айцом дамініканінам Шыманам Бялікам ОР мы разважаем пра сутнасць прыняцця хросту.

Свята Хросту Пана, год С (12.01.2025)

Калі народ чакаў і калі ўсе разважалі ў сэрцах сваіх пра Яна, ці не Месія ён, Ян адказаў усім: «Я вадою хрышчу вас, але ідзе мацнейшы за мяне, якому я няварты развязаць раменьчык на Яго сандалях. Ён вас будзе хрысціць Духам Святым і агнём».

Калі хрысціўся ўвесь народ і калі Езус, прыняўшы хрост, маліўся, раскрылася неба, і Дух Святы ў цялесным выглядзе, як голуб, сышоў на Яго, і быў голас з неба: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».

(Лк 3, 15–16. 21–22)

«Прыёмны пакой»

Пральная машына замест мяне мые адзенне, пасудамыйная мые посуд, камп’ютар запамінае інфармацыю. Многія справы няма патрэбы рабіць самім. Вось і гэты тэкст хтосьці мог бы напісаць за мяне. Хтосьці або штосьці — напрыклад, штучны інтэлект, які мог бы за мяне пісаць і… думаць (запэўніваю чытачоў, што сам я не перастаў ні думаць, ні пісаць).

Аднак бывае наадварот: пэўныя справы можна зрабіць толькі самому. ніхто не можа за мяне выспацца, выпіць добрай гарбаты… Падобна і з хростам: хрост я магу прыняць толькі сам. І цяпер найлепшы час гэта зрабіць! Паводле статыстыкі пераважная большасць нашага грамадства ахрышчаная. Аднак у такой сітуацыі, больш ці менш высыпаючыся, папіваючы слабейшую ці мацнейшую гарбату, ці адчуваю я, што побач са мною жывуць людзі, якія прынялі хрост? Ці прыняў яго я сам? А можа, я толькі быў ахрышчаны?

Заўваж, што Месія таксама не сам ахрысціўся, а прыняў хрост — прымі яго і ты! Прымі ўрэшце Духа Божага, які чыніць цябе ўмілаваным дзіцем, якога Айцец упадабаў. Гэта гучыць узнёсла і неканкрэтна? Прарок Ісая падказвае: «Прамаўляйце да сэрца Ерузалема і абвяшчайце яму, што скончыўся час барацьбы ягонай» (Іс 40, 2). Барацьбы за самога сябе. Не бойся сказаць «узгоркам» і «далінам» свайго сэрца: «Вось Пан Бог прыходзіць з моцаю» (Іс 40, 10). Прымі Яго, няхай Ён запануе ў тваім доме, смартфоне, там, дзе ты высыпаешся (або не высыпаешся) і дзе п’еш гарбату. Пан Бог як апошняя інстанцыя... Як любоў, якая з’яўляецца Асобаю...

Папа Францішак параўноўвае Касцёл з палявым шпіталем. Я дапоўніў бы гэтае параўнанне вобразам «прыёмнага пакоя»: хоць пэўныя справы можна зрабіць толькі самому, мы ў іх не адзінокія. Абмыванне, якое адраджае і аднаўляе нас у Духу Святым, мы прымаем у супольнасці Касцёла. Няхай жа ён ўсё больш становіцца «прыёмным пакоем хросту».


Шыман Бялік ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней