
Сёння разам з айцом дамініканінам Томашам Грабоўскім ОР мы разважаем пра спрадвечную задуму Бога Айца і ўцелаўленне Божага Сына на зямлі.
ІІ Нядзеля пасля Нараджэння Пана, год С (05.01.2025)
На пачатку было Слова, і Слова было ў Бога, і Богам было Слова. Яно было ў Бога на пачатку. Усё праз Яго сталася, і без Яго нічога не сталася з таго, што сталася. У Ім было жыццё, і жыццё было святлом людзей. А святло свеціць у цемры, і цемра не агарнула яго.
З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло.
Было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет.
У свеце было, і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да свайго прыйшло, і свае Яго не прынялі.
А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае, якія не ад крыві і не ад жадання цела, і не ад жадання мужа, але ад Бога нарадзіліся.
Слова сталася целам і пасялілася між намі, і ўбачылі мы славу Ягоную, славу, якую мае ад Айца Адзінародны, поўны ласкі і праўды.
Ян сведчыць пра Яго і ўсклікае, кажучы: «Гэта быў той, пра каго я сказаў: за мною ідзе той, які апярэдзіў мяне, таму што быў раней за мяне». Бо з паўнаты Ягонай мы ўсе прынялі ласку замест ласкі. Бо Закон быў дадзены праз Майсея, а ласка і праўда сталіся праз Езуса Хрыста. Бога ніхто ніколі не бачыў. Адзінародны Бог, які ва ўлонні Айца, Ён адкрыў.
(Ян 1, 1–18)
Божы замысел
Чарговы раз у перыяд Божага Нараджэння мы чуем Пралог Евангелля паводле святога Яна. Які ўжо гэта раз? Трэці? Чацвёрты? Манатонны рытм, паўторы і заблытаны змест — з-за ўсяго гэтага пасля чытання ў галаве і ў сэрцы застаецца тое ж самае, што і мінулыя разы. Складваецца ўражанне, што гэты тэкст настолькі ўзнёслы, наколькі незразумелы. Літургія настойліва вяртаецца да Пралогу, бо гэта найстарэйшае слова Бібліі. Не таму, што яно запісана раней за ўсе іншыя тэксты. Акурат з гэтага пункту погляду Пралог можа быць адным з самых позніх фрагметаў Святога Пісання. Гэта найстарэйшае слова Бібліі, бо яно апавядае пра тое, што адбывалася перад стварэннем свету. Яно адкрывае замысел Бога, які задумаў стварыць свет, а потым адкупіць людзей. Значная частка дзеяння разыгрываецца ўнутры Найсвяцейшай Тройцы, а не ў створаным свеце. Вось на пачатку, гэта значыць, да стварэння свету, Сын быў у Айцу, і быў Ён Богам, як Айцец. Яшчэ больш жадаў адарыць Яго Айцец, таму задумаў матэрыю і звязаны з ёю час. У іх Айцец сфармаваў падабенства Сына-Логаса, боскага сэнсу. Сусвет праз Яго стаўся, бо Айцец стварыў Сусвет як вобраз свайго Сына. І без Яго нічога не сталася, бо Ён — натхненне і мэта ўсяго існага. Кожная рэч адлюстроўвае нейкую крупінку Сыноўскага хараства, моцы, асабовасці… Жыццё, паўнатою якога ёсць Божы Сын, разлілося на свет. Толькі тое можа быць сапраўды прыгожым і добрым, што адлюстроўвае Логас, Божы замысел. Менавіта Ён — тое Святло, якое са змроку забыцця і абыякавасці здабыло спрадвечную праўду пра любоў Айца да Сына, пра мэту свету і сэнс чалавечага існавання. На жаль, толькі нямногія пажадалі сапраўды стаць адбіткам Божага Сына. Іншыя захацелі свяціць уласным мізэрным святлом, якое не можа рассеяць нарастаючай цемры. Аднак тыя, хто праз асабістае рашэнне веры прыняў Боскі замысел, зноў сталі Яго дзецьмі. Сярод іх слова разбіла шацёр, і яны сталі Касцёлам, прымаючы шматлікія ласкі.
Айцец Томаш Грабоўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».