Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Дамброўскім ОР мы разважаем пра значэнне цудоўных Божых знакаў у кантэксце нашай веры.
ХХІ Звычайная нядзеля, год В (25.08.2024)
Многія з вучняў Езуса сказалі: «Цяжкая гэтая мова! Хто можа яе слухаць?» Але Езус, ведаючы, што вучні Ягоныя абураюцца, сказаў ім: «Ці гэта вас спакушае? А калі ўбачыце Сына Чалавечага, які будзе ўзыходзіць туды, дзе быў раней? Дух ажыўляе, цела ж ні на што не прыдатнае. Словы, якія Я кажу вам, ёсць Духам і жыццём. Аднак ёсць між вас тыя, хто не верыць». Бо Езус ад пачатку ведаў, хто не верыць і хто Яго выдасць. І сказаў: «Для таго гаварыў вам, што ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі гэта не будзе дадзена яму Айцом».
З гэтага часу многія вучні Ягоныя адышлі ад Яго і ўжо не хадзілі з Ім. Тады Езус сказаў Дванаццаці: «Ці і вы таксама хочаце адысці?» Адказаў Яму Сымон Пётр: «Пане, да каго мы пойдзем? Ты маеш словы вечнага жыцця. А мы паверылі і пазналі, што Ты ёсць Святы Бога».
(Ян 6, 60–69)
Вера ці знак
Святы Ян у сваім Евангеллі не без прычыны змяшчае т. зв. эўхарыстычную прамову ў Кафарнауме. Езус выбраў гэтае месца. Пасля зняволення Яна Хрысціцеля, пакінуўшыя Назарэт, Ён скіраваўся ў гэты горад і там «пасяліўся» (Мц 4, 13). Як паведамляецца ў сінаптычных Евангеллях, Кафарнаум стаў цэнтрам ранняй дзейнасці Езуса. Там Ён пачаў абвяшчаць Добрую Навіну, і Яго вучэнню спадарожнічалі шматлікія сенсацыйныя цуды, якія пацвярджалі Хрыстовыя словы. Дасканалы прыклад — экзарцызм у сінагозе, дзе Езус словам выгнаў злога духа з апантанага чалавека. Сведкі гэтага здарэння здзіўляліся і гаварылі: «Што гэта? Новае вучэнне з моцаю» (Мк 1, 27). Евангелісты выразна сцвярджаюць, што пачатковы этап дзейнасці Хрыста быў надзвычай напоўнены шматлікімі знакамі. Езус абыходзіў Галілею і часам аздараўляў цэлыя гарады, «лячыў усялякую хваробу і ўсялякую немач у людзей» (Мц 4, 24).
Вера патрабуе знака. Бог ведае гэта і пагаджаецца на гэта. «Калі не ўбачыце знакаў і цудаў, не паверыце» (Ян 4, 48), — сказаў Езус аднаму каралеўскаму прыдворнаму. Кожнаму з нас на пачатку жыцця з Богам неабходна інтэрвенцыя з іншага свету. Кожны такі досвед — гэта знак, які скіроўвае нас да Бога. Той, хто затрымліваецца на гэтым знаку, а ў сваіх думках і дзеяннях не навяртаецца, можа аднойчы пачуць страшныя Езусавыя словы: «Гора табе…» (Мц 11, 21), «А ты, Кафарнаум, ці будзеш узвышаны аж да неба? Аж да адхлані нізрынешся! Бо калі б у Садоме былі ўчынены цуды, якія адбыліся ў табе, ён застаўся б да сённяшняга дня. <...> Лягчэй будзе зямлі садомскай у судны дзень, чым табе» (Мц 11, 23–24).
Ніякі знак не набліжае нас да Бога аўтаматычна. Таму Езус пытаецца ў сваіх вучняў: «Ці і вы таксама хочаце адысці?» Гэта пытанне пра тое, ці збудаваная наша вера на Яго Асобе.
Айцец Павел Дамброўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».