Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Галюбеўскім ОР мы разважаем пра важнасць Эўхарыстыі ў жыцці католіка.

ХІХ Звычайная нядзеля, год В (11.08.2024)

Пайшоў Ілля ў пустыню на адлегласць аднаго дня дарогі і, прыйшоўшы, сеў пад адным з кустоў ядлоўцу і прасіў смерці сабе. І сказаў: «Хопіць ужо, Пане! Вазьмі маё жыццё, бо я не лепшы ад маіх продкаў!» І лёг ён, і заснуў.

І вось анёл дакрануўся да яго і сказаў яму: «Устань і еш!» Ілля глянуў, і вось каля ягонай галавы была печаная аладка і збан вады. Ён з’еў і выпіў, і зноў заснуў.

Але анёл Пана другі раз вярнуўся, дакрануўся да яго і сказаў: «Устань і еш, бо далёкая дарога прад табою!» Ён устаў, з’еў і выпіў. І, падмацаваўшыся гэтым пасілкам, ішоў ён сорак дзён і сорак начэй да Божай гары Горэб.

(1 Вал 19, 4–8)

Абурыліся на Езуса юдэі за тое, што Ён сказаў: «Я — хлеб, які сышоў з неба», і казалі: «Ці не Езус гэта, сын Юзафа, бацьку якога і маці мы ведаем? Як жа Ён кажа: „Я сышоў з неба“?»

Езус сказаў ім у адказ: «Не абурайцеся між сабою. Ніхто не можа прыйсці да Мяне, калі Айцец, які паслаў Мяне, не прыцягне яго, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень. У Прарокаў напісана: „Усе будуць навучаны Богам“. Кожны, хто чуў ад Айца і навучыўся, прыходзіць да Мяне. І не таму, што хтосьці бачыў Айца; толькі той, хто ад Бога, бачыў Айца. Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто верыць у Мяне, мае жыццё вечнае.

Я — хлеб жыцця. Айцы вашыя елі манну ў пустыні і памерлі. Гэта — хлеб, які сыходзіць з неба, каб той, хто есць яго, не памёр. Я — хлеб жывы, які сышоў з неба. Калі хто будзе спажываць гэты хлеб, будзе жыць вечна. А хлеб, які Я дам, — гэта цела Маё дзеля жыцця свету».

(Ян 6, 41–51)

Правіянт Бога

У Першай кнізе Валадарстваў мы чытаем пра тое, як анёл сказаў Іллі: «Устань і еш, бо далёкая дарога прад табою!» Затым прарок, чэрпаючы сілы з атрыманага спажытку, вырушыў у падарожжа, якое пераўзыходзіць чалавечыя сілы: ён сорак дзён і начэй ішоў на сустрэчу з Богам да гары Горэб. Касцёл супастаўляе гэты аповед са словамі Пана Езуса з Евангелля, якія адносяцца да Эўхарыстыі: «Я — хлеб жыцця». Далей Хрыстус гаворыць, што гэты хлеб больш дасканалы, чым манна, якую ізраэльцяне атрымлівалі на шляху праз пустыню.

Адно са значэнняў Эўхарыстыі — гэта тое, што яна з’яўляецца сапраўдным «спажыткам на дарогу». Бог дае нам у ёй самога сябе нібы ў якасці правіянту…

Перад намі — доўгая дарога, гэтаксама як перад Іллёю і ізраэльцянамі; падарожжа, якое мы не адолелі б паспяхова толькі ўласнымі сіламі, без Божай дапамогі. Аднак гэта падарожжа не ў прасторы, а пераход праз жыццё ў гэтым свеце да сустрэчы з Богам. Так пісаў пра Эўхарыстыю адзін са знакамітых сярэднявечных тэолагаў, біскуп Пётр Ламбардскі: «Той цялесны хлеб [манна] вёў старажытны народ [Ізраэль] праз пустыню ў абяцаную зямлю. Гэты нябесны спажытак вядзе вернікаў, якія ідуць праз пустыню гэтага свету, да вышыняў, да неба. Таму слушна ён называецца „забеспячэннем“ на дарогу (viaticum), бо ўмацоўвае нас на шляху, пакуль не прывядзе ў айчыну» (Liber sententiarum, IV, d. 8).

Гэтае падарожжа — не проста рух наперад у часе, ад нараджэння ажно да пераходу праз смерць. Гэта таксама ўнутранае падарожжа да сталасці. Святы Павел гаворыць пра яго сёння ў словах: «Паступайце ў любові», пераходзячы ад таго, што недасканалае, да таго, што Божае.

У падарожжы нашага жыцця нам неабходны гэты «Боскі правіянт». Ён дазваляе нам рабіць рэчы, з якімі мы не справіліся б толькі ўласнымі сіламі.

Супольнасць Касцёла добра ведае пра гэта, таму клапоціцца, каб кожны католік мог незадоўга да смерці, на апошнім, асабліва цяжкім этапе свайго падарожжа, яшчэ раз прыняць святую Камунію як віятык (viaticum), гэта значыць, менавіта «спажытак на дарогу».


Айцец Міхал Галюбеўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней