Грэх супраць Духа Святога

Сёння разам з айцом дамініканінам Міхалам Галюбеўскім ОР мы разважаем пра сутнасць грахоў супраць Духа Святога.

X Звычайная нядзеля, год В (09.06.2024)

Прыйшоў Езус з вучнямі ў дом. І зноў сабраўся натоўп, так што яны не маглі нават паесці хлеба. Пачуўшы гэта, Яго родныя пайшлі забраць Яго, бо казалі, што Ён страціў розум.

А кніжнікі, якія прыйшлі з Ерузалема, казалі, што Ён мае ў сабе Бэльзэбула і князем злых духаў ён выганяе злых духаў. А Езус, паклікаўшы іх, казаў ім у прыпавесцях: «Як можа сатана выганяць сатану? Калі валадарства падзеліцца знутры, не можа выстаяць такое валадарства. І калі дом падзеліцца знутры, не можа выстаяць такі дом. І калі сатана паўстаў супраць сябе і падзяліўся, не можа выстаяць, але канец яму. Ніхто не можа ўвайсці ў дом асілка і выкрасці ягоныя рэчы, калі спачатку не звяжа асілка. Тады толькі абрабуе дом ягоны. Сапраўды, кажу вам, што сынам чалавечым будуць адпушчаны ўсе грахі і блюзнерствы, якімі б ні блюзнерылі. Але той, хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, ніколі не атрымае адпушчэння, а будзе асуджаны навекі». Так сказаў, бо гаварылі: «Ён мае нячыстага духа».

Тады прыйшлі Маці Яго і браты Ягоныя і, стоячы звонку, паслалі паклікаць Яго. Натоўп, які сядзеў каля Яго, казаў Яму: «Вось Маці Твая, і браты Твае, і сёстры Твае на вуліцы шукаюць Цябе». Але Ён сказаў ім у адказ: «Хто маці Мая і браты Мае?» І, паглядзеўшы на тых, хто сядзеў вакол Яго, сказаў: «Вось маці Мая і браты Мае. Бо хто будзе выконваць волю Божую, той Мне брат, і сястра, і маці».

(Мк 3, 20–35)

Грэх супраць Духа Святога

Часам мне сустракаюцца людзі, занепакоеныя тым, што, магчыма, яны ўчынілі грэх супраць Духа Святога. Яны раскайваюцца, але не ўпэўненыя, ці будзе ім прабачана, паколькі Хрыстус гаворыць у сённяшнім чытанні з Евангелля: «Сынам чалавечым будуць адпушчаны ўсе грахі <…>. Але той, хто будзе блюзнерыць супраць Духа Святога, ніколі не атрымае адпушчэння, а будзе асуджаны навекі».

На гэтым прыкладзе выразна бачна, наколькі важна чытаць Святое Пісанне «разам з Касцёлам», каб разумець яго правільна. Як жа Касцёл інтэрпрэтуе гэтыя суровыя словы Хрыста?
Святы Ян Павел ІІ пісаў у сваёй энцыкліцы, прысвечанай Духу Святому, што гэты грэх «заключаецца не ў славеснай абразе Духа Святога», а ў «радыкальным адмаўленні ад навяртання», адмаўленні ад прыняцця збаўлення, якое прыходзіць да нас менавіта праз Духа. У тым жа тэксце мы далей чытаем, што гэты грэх «не дазваляе чалавеку выйсці з самазамкнутасці і адкрыцца ў кірунку Божых крыніцаў для ачышчэння сумленняў і адпушчэння грахоў» (Dominum et vivificantem, 46). Развіваючы выкарыстаны Папам Рымскім вобраз, можна сказаць, што мы з-за любога цяжкага граху перастаем чэрпаць ваду жыцця з духоўнай Крыніцы, якою з’яўляецца Дух Святы. А ў выніку граху супраць Духа чалавек нібы спрабуе затрымаць гэтую Крыніцу або раз і назаўсёды перакрыць сабе доступ да яе. Святы Тамаш Аквінскі гаварыў, што гэты грэх настолькі цяжкі, бо «выключае тое, праз што ажыццяўляецца адпушчэнне грахоў» (ST II-II, q. 14, a. 3 corp.). Менавіта такім чынам можна трактаваць традыцыйны «спіс» шасці грахоў супраць Духа Святога — як «перакрыццё струменя ласкі ў самой крыніцы».

Калі мы так успрымаем грэх супраць Духа Святога, то скруха і раскаянне ў тым, штó чалавеку здаецца такім грахом, паказваюць: Пан Бог яго ад гэтага граху ўратаваў, бо тут няма «радыкальнага адмаўлення ад навяртання», наадварот — ёсць прагненне паяднацца з Богам і скруха сэрца, што паходзяць ад Духа Святога.


Айцец Міхал Галюбеўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней