Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Каняркам ОР мы разважаем пра неабходнасць нядзельнага адпачынку.

IX Звычайная нядзеля, год В (02.06.2024)

Аднойчы ў шабат, калі Езус праходзіў праз пасевы, вучні Ягоныя пачалі па дарозе зрываць каласы. Тады сказалі Яму фарысеі: «Глядзі, чаму яны робяць у шабат тое, што не дазволена?» Ён адказаў ім: «Вы ніколі не чыталі, што зрабіў Давід, калі меў патрэбу і згаладаўся ён і тыя, хто быў з ім? Як увайшоў у дом Божы ў часы першасвятара Абіятара і еў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, і даў тым, хто быў з ім?» І сказаў ім: «Шабат устаноўлены для чалавека, а не чалавек для шабату. Таму Сын Чалавечы — гаспадар шабату».

(Мк 2, 23–28)

Адпачні!

Усё часцей людзі прызнаюцца ў ляноце і дрэнным выкарыстанні часу. Чым больш вы абвінавачваеце сябе, тым больш я заахвочваю вас да рэфлексіі над сапраўдным адпачынкам. Згадзіцеся, сучасны чалавек у сваёй перманентнай стомленасці хутчэй кампульсіўна знімае стрэсы, чым па-сапраднаму аднаўляе сілы.

Магчыма, і на нас Езус паглядзеў бы з гневам… але суровасць Яго аблічча магла б мець іншыя прычыны. Сёння не так актуальнае пытанне: «Што рабіць, а чаго не рабіць у шабат», як іншая праблема: «Ці абавязковы адпачынак увогуле» (У духоўнай перспектыве таксама!)

У Кнізе Другазаконня, фрагмент з якой сёння чытаецца падчас літургіі, шабатовы адпачынак звязаны з Зыходам (Exodus). Нельга пакінуць гэтага без увагі! Шабат патрэбны, каб памятаць пра вызваленне з няволі. Адпачынак неабходны, каб у нас фарміравалася новая самасвядомасць, у якой ужо няма месца нявольніцкаму мысленню, а вартасці чалавека не вымяраюцца тою карысцю, якую ён можа прынесці.

Езус праз сваё правакацыйнае «парушэнне» шабатовага адпачынку спрабуе вярнуць яму першаснае значэнне і закладзеную ў яго Богам ідэю. Нам наказана адпачываць, каб у нашым жыцці ўтварылася прастора для… адносінаў! Для радасці сумеснага прабывання. «Нічога-не-рабіць» таксама патрэбна, каб мы маглі пабыць з сабою і з блізкімі. Шабат неабходны, каб «святкаваць» адносіны з людзьмі. Чаму запаведзь пра адпачынак такая важная ў духоўнай перспектыве? Бо без адносінаў мы застанемся толькі з пытаннем пра тое, што рабіць, а чаго не рабіць — спынімся на законе і маральнасці. А сталая вера магчымая толькі тады, калі мы будзем задумвацца над адносінамі — з Богам, з іншымі і з самімі сабою. Пан шабату пытаецца ў нас сёння пра час на адпачынак. Ён заклікае, каб мы спыніліся і зразумелі, што важней «быць», чым «валодаць» і «рабіць».

Ці ёсць у цябе дзеля каго адпачываць? Ці маеш ты з кім падзяліцца сваёю свабодаю?

Калі ты не даеш сабе права на адпачынак, то, магчыма, не адкрыў яшчэ дару свабоды, які мы можам да канца зразумець толькі ў Езусе.

Адпачні! Бо ты гэтага варты!


Айцец Павел Канярэк OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней