Сёння разам з айцом дамініканінам Марыюшам Табачкам ОР мы разважаем пра адметнасці розных выпадкаў спаслання Духа Святога, апісаных у Святым Пісанні.
Нядзеля Спаслання Духа Святога (19.05.2024)
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».
(Ян 20, 19–23)
Спасланні Духа Святога
У Евангеллі і Дзеях Апосталаў ёсць некалькі апісанняў спаслання Духа Святога. І гэта не аналагічныя апісанні адной і той жа падзеі. Кожны выпадак адметны, адзіны і непаўторны.
Евангелле паводле Яна запрашае нас зноў у Вячэрнік у дзень уваскрасення. Мы становімся сведкамі сустрэчы, падчас якой Езус «дыхнуў» на Апосталаў, кажучы: «Прыміце Духа Святога». А паколькі дар Духа — гэта заўсёды пасланне, Езус дадае: «Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца». Такім чынам Апосталы становяцца першымі пастырамі Касцёла, які нараджаецца і менавіта ў іх служэнні атрымлівае дар аднаўляць еднасць з самім Богам.
Яшчэ да Пяцідзясятніцы ў Ерузалеме вакол Апосталаў і Марыі пачалі збірацца браты і сёстры. У прысутнасці больш чым 120 хрысціянаў адбываецца выбранне Мацея на месца Юды (Дз 1, 12–26). Аповед святога Лукі і згадка пра тое, што ўсе яны знаходзіліся ў тым самым месцы ў дзень Пяцідзясятніцы, дазваляюць нам бачыць у чарговым спасланні Духа Святога падзею, якая закранула многіх. На гэты раз усе былі пасланыя абвяшчаць праўду пра Езуса на розных мовах свету.
Чарговае спасланне Духа стала ўмацаваннем падчас першых пераследаванняў. Пасля адважнага выступлення Пятра і Яна перад Сінэдрыёнам вызваленыя з-пад арышту Апосталы вярнуліся ў сваю супольнасць. Яны дзяліліся ўласнымі перажываннямі і разам з усёй супольнасцю веруючых маліліся, каб Бог даў ім сілы ў гэтыя цяжкія часы. Лука засведчыў, што падчас малітвы зямля задрыжала і ўсе былі напоўненыя Духам моцы і адвагі ў абвяшчэнні Божага слова (Дз 4, 23–31). Калі Пётр у доме сотніка Карнэлія зразумеў і з радасцю абвясціў, што ў Касцёл запрошаныя таксама язычнікі, на ўсіх, хто слухаў яго, сышоў Дух, пасылаючы іх з Добраю Навінаю да тых, хто не быў габрэем (Дз 10, 34–48).
Марыюш Табачэк ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».