Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем аб еднасці і праўдзе.
VII Велікодная нядзеля, Год В (12.05.2024)
Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы. Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. Я збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне.
А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць. Я даў ім слова Тваё, і свет узненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету. Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету.
Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвечаныя ў праўдзе.
(Ян 17, 11–19)
Асвяці нас у праўдзе
Як жа сорамна чуць малітву Езуса, які просіць, каб усе «былі адно», ведаючы пры гэтым, колькі існуе падзелаў паміж хрысціянамі. Няўжо малітва Хрыста была дарэмнай? Але менавіта гэтая малітва напаўняе нас надзеяй, што еднасць магчымая. Еднасць на ўзор Айца і Сына — а значыць, еднасць бязмежнай, ахвярнай любові. Магчыма, зразумеўшы, у чым прычына падзелаў паміж намі, мы зможам зрабіць першы крок у кірунку паяднання.
Пан Езус гаворыць, што свет не разумее Яго пасланне. Неразуменне чакае і тых, хто ідзе за Хрыстом. Свет — гэта ўсё, што варожае Богу, што імкнецца збудаваць парадак без Бога альбо адабраць належнае Яму месца. На жаль, такія памкненні існавалі заўсёды і працягваюць існаваць цяпер. У хрысціянаў можа з’явіцца спакуса злагодзіць гэтую варожасць, пайсці са светам на кампраміс. Цаною гэтага становіцца заглушэнне голасу Евангелля ў свеце, ператварэнне яго ў адну з многіх магчымасцяў для чалавека. Але праўда можа быць толькі адна. Згаджаючыся на існаванне розных праўдаў, часам супярэчных адна адной, больш выгадных альбо дастасаваных да адпаведных умоваў, мы вымушаем самі сябе блукаць ў цемры і, як Пілат, пытацца: «Што ёсць праўда?» (гл. Ян 18, 38), застаючыся без адказу. Таму словы малітвы Езуса: «Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда» павінны абудзіць у нас прагненне пазнаваць адзіную аб’яўленую Богам праўду і быць ёй вернымі.
Мы верым, што Бог выслухоўвае кожную шчырую малітву. Няхай малітва Езуса, якая датычыць кожнага з нас, прынясе ў нашым жыцці шчодры плён.
Айцец Павел Мажэйка ОР