Малітва да святога Дамініка

Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Каняркам ОР мы молімся праз заступніцтва святога Дамініка аб уменні ўсюды заўважаць і пашыраць Любоў і Праўду.

VІ Велікодная нядзеля, год В (05.05.2024)

Калі Пётр уваходзіў, Карнэлій выйшаў насустрач і, упаўшы да ног, пакланіўся яму. Пётр падняў яго, кажучы: «Устань, я таксама чалавек».

Пётр, адкрыўшы вусны свае, сказаў: «Сапраўды разумею, што Бог не зважае на асобу, але ў кожным народзе даспадобы Яму той, хто баіцца Яго і паступае справядліва».

Калі Пётр яшчэ казаў гэтыя словы, Дух Святы сышоў на ўсіх, хто слухаў слова. А вернікі з абрэзаных, якія прыйшлі разам з Пятром, здзівіліся, што дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў. Бо яны чулі, як тыя размаўлялі мовамі і славілі Бога. Тады сказаў Пётр: «Ці можа хто забараніць хрысціцца вадою тым, хто атрымаў Святога Духа, як і мы? І загадаў ахрысціць іх у імя Езуса Хрыста. Потым яны прасілі яго застацца на некалькі дзён.

(Дз 10, 25–26. 34–35. 44–48)

Умілаваныя, будзем любіць адзін аднаго, бо любоў ад Бога і кожны, хто любіць, народжаны ад Бога і ведае Бога. Хто не любіць, той не ведае Бога, таму што Бог ёсць любоў.

Любоў Бога да нас адкрылася ў тым, што Бог паслаў у свет Сына свайго Адзінароднага, каб мы жылі праз Яго. У тым выявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас і паслаў свайго Сына як уміласціўленне за нашыя грахі.

(1 Ян 4, 7–10)

Езус сказаў сваім вучням: «Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай.

Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас, бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго».

(Ян 15, 9–17).

Малітва да святога Дамініка

«Устань, я таксама чалавек»
Святы Дамінік, ты праз сваё прыніжэнне адкрываў веліч чалавечнасці, дапамажы, каб мы штодзённа дзякавалі за тое, кім мы ёсць, і змаглі радавацца сваёй чалавечай прыродзе, якую Пан Бог стварыў і благаславіў.

«Бог не зважае на асобу»
Святы Дамінік, ты ўмеў з кожным зычліва паразмаўляць, дапамажы, каб так, як і ты, мы змаглі прыняць кожнага і нікім не пагарджалі. Учыні, каб мы ўмелі слухаць тых, хто думае іначай, і быць з імі ў згодзе.

«Дар Духа Святога выліўся і на язычнікаў»
Святы Дамінік, ты нават на заблытаных шляхах знаходзіў зерне Праўды і сумаваў па тым, што добрае, дапамажы і нам заўважаць у свеце Божае Аблічча і сляды Божае Прыгажосці — дапамажы нам больш бачыць Любоў, чым грэх.

«Хто не любіць, той не ведае Бога»
Святы Дамінік, ты не баяўся плакаць, молячыся аб ласцы міласэрнасці для свету, навучы нас прымаць Любоў і не спыняцца толькі на тэорыі, але штодня любіць бліжняга ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях.

«Вы сябры Мае…»
Святы Дамінік, ты ўгрунтаваў манаскі Ордэн на братэрскай любові, учыні, каб мы праз тваё заступніцтва адчулі заклік Айца да творчага шляху паслухмянасці — не як нявольнікі, а як сыны і сябры. Учыні, каб мы крэатыўна сведчылі пра ласку Божую, а не проста бяздумна выконвалі рэлігійныя абрады.

Святы Дамінік, маліся за нас!


Айцец Павел Канярэк OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней