Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Дамброўскім ОР мы разважаем пра сімвалічнае значэнне вобразу вінаграднай лазы і працы вінаградара ў Евангеллі.
V Велікодная нядзеля, год В (28.04.2024)
Езус сказаў сваім вучням: «Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне. Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. Іх збіраюць і кідаюць у агонь, і яны згараюць. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі»
(Ян 15, 1–8).
Сапраўдная карысць
Можна назваць непедагагічнымі або нават траўматычнымі паводзіны бацькоў, якія гавораць свайму дзіцяці такія фразы: «Без мяне ты нічога не можаш», «Які ты слабы!», «Ты яшчэ мала ведаеш пра жыццё, таму слухайся мяне і ва ўсім падпарадкоўвайся маёй волі і майму досведу». Тым часам менавіта такая педагогіка Хрыста. Езус прама гаворыць: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць» (Ян 15, 5). Гэта няпроста чуць, паколькі кожны з нас дбае пра пачуццё ўласнай вартасці. Часта мы доўга і з вялікімі цяжкасцямі адкрываем свае магчымасці і таленты, каб узяцца за справу стварэння свайго «я». Яшчэ цяжэй прыняць гэтыя словы ў больш шырокім кантэксце. Мы, людзі, ганарымся вялікімі дасягненнямі. Разам мы можам яшчэ больш. Мы запанавалі над сіламі прыроды, стварылі шматлікія цуды тэхнікі, крок за крокам асвойваем космас і з дапамогаю тэхналогій пераўтвараем свет.
Калі Хрыстус гаворыць: «Без Мяне нічога не можаце зрабіць», Ён не хоча нас прынізіць. Ён таксама не выступае ў ролі паблажлівага бацькі. Бог хоча, каб мы прыносілі плён і каб нашае жыццё мела сэнс. І менавіта таму гаворыць нам праўду. Праз вобраз вінаградніка і вінаграднай лазы Ён наглядна паказвае нам, што найглыбейшыя карані нашага існавання — у Ім. Іншымі словамі, мы цалкам належым да Яго Цела, з Яго чэрпаем жыццядайныя сокі. Ён — наш Пачатак і Канец, Крыніца і Мэта нашага жыцця. Найменшая справа, зробленая ў Ім, набывае бязмежную вартасць, а любая іншая, не звязаная з Ім, застанецца нявартаснаю і нязначнаю. Як сказаў святы Павел, нават калі я валодаю ўсім, «а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці» (Кар 13, 3).
Без Хрыста мы нічога не можам зрабіць, бо без Яго не здольныя любіць. З Езусам мы можам гэтаму навучыцца. У Ім мы павінны заставацца, глыбей укараняць нашае жыццё і справы, а праз гэта ўсё больш прыпадабняцца да Цела, членамі якога з’яўляемся. І ў нас ёсць надзейныя прылады, каб дасягнуць гэтага — слова Езуса і запаведзі.
Айцец Павел Дамброўскі OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».