Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Каняркам ОР мы разважаем пра тое, што на першым месцы ў нашых рэлігійных і інтэлектуальных пошуках павінны быць даверлівыя адносіны з Богам.

ІІІ Нядзеля Вялікага посту, год В (03.03.2024)

Юдэі патрабуюць знакаў, а грэкі шукаюць мудрасці. Мы ж абвяшчаем Хрыста ўкрыжаванага, які для юдэяў — згаршэнне, для язычнікаў — глупства, а для тых, хто пакліканы, юдэяў, грэкаў, Ён — Хрыстус, Божая моц і Божая мудрасць. Бо неразумнае ў Бога разумнейшае за людзей, а слабое ў Бога мацнейшае за людзей.

(1 Кар 1, 22–25)

Набліжалася юдэйская Пасха, і Езус увайшоў у Ерузалем. У святыні знайшоў тых, хто гандляваў валамі, авечкамі і галубамі, а таксама мянялаў, якія сядзелі там. Ён зрабіў біч з вяровак, павыганяў усіх са святыні, і авечак, і валоў, і грошы мянялаў парассыпаў, а сталы перавярнуў. А гандлярам галубамі сказаў: «Забярыце гэта адсюль! Не рабіце дом Айца Майго домам гандлю». І прыгадалі вучні Ягоныя, што напісана: «Руплівасць аб доме Тваім паглынае Мяне». На гэта юдэі сказалі Яму ў адказ: «Якім знакам пакажаш нам, што так можаш рабіць?» Езус сказаў ім у адказ: «Зруйнуйце святыню гэтую, і Я за тры дні ўзвяду яе». Юдэі сказалі: «Сорак шэсць гадоў будавалася гэтая святыня, а Ты за тры дні ўзвядзеш яе?» Ён жа казаў пра святыню свайго цела. І калі Ён уваскрос, успомнілі вучні Ягоныя, што Ён гэта казаў, і паверылі Пісанню і слову, якое казаў Езус.

А калі Ён быў у Ерузалеме на свята Пасхі, многія паверылі ў імя Ягонае, бачачы знакі, якія Ён чыніў. Але сам Езус не адкрываўся ім; Ён ведаў усіх і не меў патрэбы, каб хто-небудзь сведчыў пра чалавека, бо сам ведаў, што было ў чалавеку.

(Ян 2, 13–25)

Як грэк з юдэем

Ці часта з’яўляецца рыба на тваім стале? Ты аддаеш перавагу традыцыйнай ежы ці імкнешся эксперыментаваць на кухні? Што ты найбольш любіш? Карпа па-габрэйску ці, можа, рыбу па-грэцку?

Не паглыбляючыся ва ўплыў розных культураў на нашую кухню і адышоўшы ад «кухонных» метафараў, засяродзімся на хвілінку на нашым унутраным жыцці. Здаецца, дзесьці глыбока ў нашым сэрцы (калі выкарыстаць вобраз святога Паўла) жывуць адначасова і юдэй, і грэк, бо кожны з нас вельмі камфортна сябе адчуваў бы, калі б звышнатуральныя знакі спадарожнічалі нашай рэлігійнай актыўнасці, а інтэлектуальныя даследаванні вялі б да мудрасці. Аднак жа бываюць такія моманты ў жыцці, калі нашыя ўнутраныя «госці» застаюцца бездапаможнымі і разгубленымі, а рэлігійнасць і інтэлект не даюць поўнага адказу, каб мы маглі зрабіць чарговы жыццёвы крок, захоўваючы пры гэтым сэнсоўнасць сваіх паводзінаў.

Шлях веры, які прапануе чалавеку Божае слова, не адмаўляе рэлігійнасці і не супрацьпастаўляе яе розуму. Вера прапануе іншы зыходны пункт, іншы парадак дзеянняў. Без веры ў Езуса як Хрыста аднойчы можна адкрыць, што ты няспынна ходзіш па адных і тых жа слядах традыцыі, моцна ўкараніўшыся ў сваіх суб’ектыўных уяўленнях. Вера прапануе ў якасці першага кроку адносіны даверу. Каб выйсці па-за сябе і пачуць прапанову звонку, трэба так, як захавальнікі Дэкалогу, заўважыць Аўтара Дзесяці запаведзяў. Кім ёсць Той, хто мае права даваць мне жыццёвыя парады і сцвярджаць, што ведае рэцэпт майго шчасця? Калі я не буду памятаць, кім ёсць Той, хто запрашае мяне да супрацоўніцтва, шлях веры застанецца толькі згаршэннем і глупствам. Калі я не буду памятаць пра зыход з Егіпта і пра таямніцу ўваскрасення, якая з’яўляецца канчатковым адказам на ўсе пытанні, грэк з юдэем не пададуць адзін аднаму рукі і будуць жыць у пастаянным расчараванні. Калі не паверу, што на першым месцы павінны быць адносіны з Тым, хто вымавіў словы запаведзяў, кожны ўваход Бога ў маё жыццё будзе перажывацца як брутальнае ўварванне, а не як спроба нагадаць мне пра маю сапраўдную ідэнтычнасць, якую не ўдасца апісаць толькі рэлігійнасцю або інтэлектам.


Айцец Павел Канярэк OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней