
Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Каняркам ОР мы разважаем пра тое, чаму Пан Бог не заўсёды спасылае нам цудоўнае вырашэнне нашых жыццёвых цяжкасцяў.
V Звычайная нядзеля, год В (04.02.2024)
Езус, выйшаўшы з сінагогі, адразу прыйшоў з Якубам і Янам у дом Сымона і Андрэя. Цешча Сымона ляжала ў гарачцы, таму адразу сказалі Яму пра яе. Ён падышоў і, узяўшы за руку, падняў яе. І пакінула яе гарачка, і яна прыслужвала ім.
Калі настаў вечар і зайшло сонца, прынослі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных злымі духамі. А ўвесь горад сабраўся перад дзвярыма. Ён аздаравіў многіх, якія цярпелі на розныя хваробы, і выгнаў многіх злых духаў; але не дазваляў злым духам казаць, што яны пазналі Яго.
На досвітку, устаўшы вельмі рана, Ён выйшаў і пайшоў у пустыннае месца і там маліўся. Услед за Ім пайшоў Сымон і тыя, хто быў з Ім. А калі знайшлі Яго, сказалі Яму: «Усе шукаюць Цябе!» Ён адказаў ім: «Пойдзем куды-небудзь у блізкія паселішчы, каб Я і там прапаведаваў, бо дзеля гэтага Я прыйшоў». І прапаведаваў Ён у сінагогах іхніх па ўсёй Галілеі, і выганяў злых духаў.
(Мк 1, 29–39)
Аздараўленне не для ўсіх?
У Гданьску я скантактаваўся з цэнтрам «Hospicjum Pomorze Dzieciom». І хоць я даволі нядоўга дапамагаў пацыентам і калектыву, гэта для мяне быў надзвычай важны час.
Размовы з людзьмі, якія перажываюць жалобу і аплакваюць страты, апека над бацькамі, якія балюча церпяць пасля страты дзіцяці, не дазваляюць дыстанцыявацца і схіляюць да роздуму над самымі складанымі пытаннямі. Які сэнс чалавечага жыцця? Чаму церпяць нявінныя? Ці сапраўды Бог цікавіцца намі і ці можа Ён вызваліць нас ад зла?
Дзякуючы хоспісу я цяпер па-іншаму чытаю Кнігу Ёва. Смутак і пытанні героя гэтай Кнігі ўпісаныя ў чалавечы лёс, а сама біблійная аповесць вельмі блізкая да нашых змаганняў. Ёў вучыць нас быць чулымі і задаваць пытанні, спрачацца з Богам.
Які той Бог, у якога мы верым? Можа, трэба быць асабліва блізка каля Яго, каб гэтак жа, як і ў доме Пятра, са мною здарыўся цуд аздараўлення? Можа, я дрэнна малюся, калі ўжо столькі гадоў мае блізкія змагаюцца з хваробаю? А можа, Езус не хоча аздаравіць усіх? У дадатак святы Марк пасля аповеду пра тое, што ўсе хворыя і апанаваныя злым духам былі прынесеныя да Езуса, піша, што аздароўлены былі многія (і толькі!). Чаму не ўсе, а многія? Няўжо гэта апавядальны прыём? А можа, гэта дробны, аднак жыццёва важны нюанс? Не ўсе былі аздароўленыя!
Больш за тое, чаму Езус хаваецца? Можа, Ён уцякае ад чарговых просьбаў аб Яго інтэрвенцыі? Нават Пётр з іншымі Апосталамі мусяць патраціць крыху часу, каб знайсці Пана, укрытага ў цемры, у пустыні: «Усе шукаюць Цябе!» Хіба гэта не гучыць як прэтэнзія? Спроба затрымаць Бога, каб Ён быў пры мне заўсёды тады, калі мне патрэбна Яго інтэрвенцыя? Езус ідзе далей. Ён не дазваляе сябе затрымаць. Пётр сам павінен будзе спасцігнуць урок Ёва, каб зразумець, што Езус не столькі прыносіць лек ад цярпення ў гэтым жыцці, колькі вядзе нас туды, куды цярпенне і смерць ужо не маюць доступу.
Ёў ведае, што Той, у каго мы верым, сапраўды лечыць прыгнечаных душою, бо ўзяў на сябе нашыя слабасці і панёс нашыя хваробы. У Езусе мы адкрываем, што Бог прыняў цярпенне людскога існавання, каб чалавек мог спазнаць Божае жыццё навекі.
Айцец Павел Канярэк OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».