Сёння разам з айцом дамініканінам Паўлам Каняркам ОР мы разважаем пра сімвалічнае значэнне хросту Пана Езуса ў водах Ярдана.

Свята Хросту Пана, год В (07.01.2024)

Ян Хрысціцель прапаведаваў, кажучы: «Ідзе за мною Мацнейшы за мяне, якому я няварты, нахіліўшыся, развязаць раменьчык на Яго сандалях. Я хрысціў вас вадою, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».

У тыя дні прыйшоў Езус з Назарэта, што ў Галілеі, і быў ахрышчаны Янам у Ярдане. Адразу, калі выходзіў з вады, убачыў нябёсы раскрытыя і Духа, што як голуб, сыходзіў на Яго. І быў голас з нябёсаў: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я».

(Мк 1, 7–11)

Любоў задарма

Навошта Езус быў ахрышчаны? Яму ж гэта было непатрэбна. Як Бог-Чалавек Ён не мусіў прымаць хрост пакаяння, аднак жа стаў каля Ярдана ў чаргу разам з грэшнікамі. Ён прыйшоў туды, дзе рака цячэ па нізіне, ва ўпадзіне і нібы сімвалічна апавядае такім чынам пра падзенне чалавека, пра наш стан. Воды, якія цякуць па нізінах, — нібы сімвал чалавечага расчаравання, бо мы шукаем шчасця там, дзе не можам яго знайсці. Мы шмат плацім, жадаючы насыціцца, і хоць усё больш стараемся, гэтае прагненне не пакідае нас.

Той, Хто падобны да нас ва ўсім, апрача граху, апавядае пра любоў Бога, які першы палюбіў нас і, нягледзячы ні на што, заўсёды будзе даваць нам сваю любоў задарма.

Езус сустракаецца з Янам, каб мы, стомленыя пошукамі, нібы зноў нарадзіліся і пазналі Боскую логіку любові; каб мы паверылі і пасля духоўнага паражэння сталі на шлях пераможцы.

Пан прымае хрост ад слугі, каб слова, якое выйшла ад Айца, споўніла сваю місію, акрапіла глебу чалавечага сэрца і зрабіла яе жыццядайнаю. Езус акунаецца ў ваду і дзякуючы гэтаму неба навекі застанецца адкрытае, а голас Айца будзе добра чутны ўсім.

Воды Ярдана ў зямной цясніне гамоняць пра Таго, Хто даў сябе прынізіць. Жадаючы быць побач з чалавекам, Ён, не вагаючыся, сышоў найніжэй: ажно да нашых грахоў, ажно ў бездань смерці. Усё для таго, каб мы самі не баяліся падысці да вады і, чэрпаючы з крыніцаў збаўлення, задаволілі сваю прагу знайсці сэнс жыцця, акунулі ў гэтую ваду ўсе пытанні пра пачатак і канец, абмылі ў ёй кожны боль і кожнае цярпенне.

Езус выходзіць з Ярдана, каб усялякаму нашаму асуджэнню супрацьпаставіць незнішчальнае сведчанне вады, крыві і Духа, якое верна захоўвае слова Айца і ўсклікае над намі: «Ты — Маё ўмілаванае дзяці, Я цябе ўпадабаў».


Айцец Павел Канярэк OP.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней