Сёння разам з айцом дамініканінам Мікалаем Вальчакам ОР мы разважаем пра тое, як літургічныя чытанні напрыканцы Андвэнту складваюцца ў адзін просты і цэльны вобраз прыйсця Месіі ў чалавечае жыццё.

ІV Нядзеля Адвэнту, год В (24.12.2023)

Бог паслаў анёла Габрыэля ў горад галілейскі, называны Назарэт, да Дзевы, заручанай з мужам па імені Юзаф, з дому Давіда, а імя Дзевы — Марыя. Анёл, увайшоўшы да яе, сказаў: «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». Яна ж збянтэжылася ад словаў ягоных і разважала, што гэта за прывітанне. І сказаў Ёй анёл: «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана. Вось зачнеш ва ўлонні сваім і народзіш Сына, і дасі Яму імя Езус. Ён будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, і валадарству Яго не будзе канца».

І сказала Марыя анёлу: «Як станецца гэта, калі я мужа не знаю?» Анёл сказаў Ёй у адказ: «Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе. Таму Святое, што народзіцца, будзе названа Сынам Божым. Вось і Альжбета, сваячка твая, і яна зачала сына ў старасці сваёй, і ўжо на шостым месяцы тая, якую называлі бясплоднай, бо для Бога няма нічога немагчымага». Тады Марыя сказала: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова». І адышоў ад Яе анёл.

(Лк 1, 26–38)

Святочная мазаіка

Сёлета чацвёртая нядзеля Адвэнту прыпадае ў вігілію Божага Нараджэння. Шмат напружання, гатаванне вячэры, апоўначы Пастэрка, а яшчэ Імша на працягу дня. Вельмі няпросты час для ўсіх нас…

Аднак Адвэнт, які сёння заканчваецца, для мяне падобны на складванне пазлаў у доме, поўным святла і цяпла. Першым элементам была прыпавесць пра патрэбу чуваць да той пары, пакуль гаспадар не вернецца дадому. Гэта дапамагае нам усвядоміць, што Той, Хто прыйдзе, — наш Пан. Потым Ян Хрысціцель гаворыць, што мы павінны падрыхтавацца да прыйсця Пана праз асабістае навяртанне. Урэшце, мы даведваемся, што Той, каго прадказвае Ян, большы за яго — гэта будзе Месія. Тут многія з нас маглі б спыніцца ў духоўным разважанні, аднак для завяршэння мазаікі нам не хапае яшчэ аднаго пазла — Марыі і Яе досведу звеставання: менавіта тады мы чуем, што Той, хто народзіцца, — не толькі Пан, не толькі Месія, але праўдзівы Бог — «Бог з намі».

Адвэнт дае нам просты вобраз таго, што такое Божае Нараджэнне. Настолькі просты, што мы лёгка можам яго баналізаваць. Аднак гэты вобраз — наш духоўны падмурак. Чарговыя вобразы будуць больш складаныя, але яны заўсёды будуць угрунтаваныя на таямніцы ўцелаўлення Божага Сына.

Сядзем жа сёння за стол так, быццам мы разам складаем пазлы — падзелімся тым, што Бог паказаў нам у гэтым Адвэнце, якія элементы гэтай мазаікі Ён нам даў, і папросім аб апошнім пазле, якога нам не хапае, каб складзены вобраз уцелавіўся ў нашым жыцці. Каб Хрыстус, праўдзівы Бог і праўдзівы Чалавек, нарадзіўся ў нас — сёння і назаўсёды.


Айцец Мікалай Вальчак ОР
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней