Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Курасем ОР мы разважаем пра тое, што Бог пераўзыходзіць усе нашыя чалавечыя ўяўленні. Ён заклікае нас не замыкацца ў прыдуманых схемах і па-новаму паглядзець на сваё жыццё.

ІІІ Нядзеля Адвэнту, год В (17.12.2023)

З’явіўся чалавек, пасланы ад Бога; імя ягонае было Ян. Ён прыйшоў дзеля сведчання, каб засведчыць пра святло, каб усе паверылі праз яго. Не быў ён святлом, але быў пасланы даць сведчанне пра святло.

Вось сведчанне Яна. Калі юдэі паслалі з Ерузалема святароў і левітаў, каб яны спыталіся ў яго: «Хто ты?» Ён абвясціў, не выракся і вызнаў: «Я не Месія». І спыталіся ў яго: «Дык хто ж? Ты Ілля?» І сказаў: «Не». «Ты прарок?» І ён адказаў: «Не». Тады сказалі яму: «Хто ты, каб нам адказаць тым, хто паслаў нас. Што гаворыш ты пра самога сябе?» Ён сказаў:

«Я голас таго, хто кліча ў пустыні:

„Раўняйце дарогу Пану“,

як сказаў прарок Ісая. А пасланцы былі з фарысеяў. І яны спыталіся ў яго: «Тады чаму ты хрысціш, калі ты ні Хрыстус, ні Ілля, і ні прарок?» Ян сказаў ім у адказ: «Я хрышчу вадою. А сярод вас стаіць той, каго вы не ведаеце, той, хто ідзе за мною, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях ягоных». Сталася гэта ў Бэтаніі, за Ярданам, дзе хрысціў Ян.

(Ян 1, 6–8. 19–28)

Быць летуценнікам

Фарысеі прыйшлі да Яна, бо на самай справе ім не хапала толькі таго, каб ён сказаў, што з’яўляецца кімсьці важным. Усё іншае адпавядала: Ян жыў у пустыні, еў мёд і саранчу, усклікаў над ракою і акунаў у яе сваіх слухачоў, запэўніваючы, што ім адпускаюцца грахі. Божы вар’ят, адзін з прарокаў або Ілля... А можа — аж страшна падумаць! — гэта Месія? Бо немагчыма, каб той, хто паводзіць сябе настолькі нестандартна, быў адначасова звычайным чалавекам.

Аднак жа… Ян адказвае, што ён — сапраўды просты чалавек. І ад яго не трэба чакаць чагосьці большага за ўсё, што ён ужо зрабіў. А вось Той, Хто надыходзіць… Ён пераўзыдзе ўсё звычайнае, усё, што толькі магчыма ўявіць.

Фарысеі гэтага яшчэ не разумеюць. У іх на ўсё ёсць гатовыя катэгорыі, табліцы, дэфініцыі — дастаткова, каб Бог да гэтага дастасаваўся. Яны яшчэ не ведаюць, што Той, Хто хутка надыдзе, запатрабуе, каб яны па-новаму паглядзелі на Пісанні, прароцтвы, на саміх сябе. Езус учыніць так, што ўяўленне Яго слухачоў апынецца перад складанаю задачаю: Ён — Бог і Чалавек; народжаны, а не створаны; адзінасутны Айцу, праз якога ўсё сталася…

У пэўнай ступені вера — гэта таксама выклік для нашага ўяўлення. Самымі лагічнымі разважаннямі немагчыма выказаць глыбіні сустрэчы з Богам, патрэбная смеласць уяўлення, каб судакрануцца з самым узнёслым. Мы павінны верыць і быць летуценнікамі.


Айцец Гжэгаж Курась ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней