Сёння разам з айцом дамініканінам Мікалаем Вальчакам ОР мы разважаем пра тое, што Езус знаходзіцца побач з намі на ўсіх жыццёвых шляхах і ніколі не імкнецца сілаю заваладарыць нашым сэрцам.
Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, Год А (26.11.2023)
Езус сказаў сваім вучням: «Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе сваёй і ўсе Анёлы з Ім, тады сядзе на троне славы сваёй. Перад Ім сабраныя будуць усе народы, і Ён аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе авечак ад казлоў. Авечак паставіць праваруч, а казлоў — леваруч. Тады скажа Валадар тым, хто праваруч Яго: „Прыйдзіце, благаслаўлёныя Айца Майго, прыміце ў спадчыну Валадарства, падрыхтаванае вам ад стварэння свету.
Бо Я быў галодны, і вы далі Мне есці;
прагнуў, і вы напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы прынялі Мяне;
быў голы, і вы апранулі Мяне;
быў хворы, і вы адведалі Мяне;
быў у вязніцы, і вы прыйшлі да Мяне“.
Тады адкажуць Яму справядлівыя: „Пане, калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці сасмяглым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе падарожным і прынялі, ці голым і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым ці ў вязніцы і прыйшлі да Цябе?“ І Валадар скажа ім у адказ: „Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі“. Тады скажа і тым, хто леваруч Яго: „Ідзіце ад Мяне, праклятыя, у агонь вечны, падрыхтаваны д’яблу і анёлам ягоным.
Бо Я быў галодны, і вы не далі Мне есці;
прагнуў, і вы не напаілі Мяне;
быў падарожным, і вы не прынялі Мяне;
быў голы, і вы не апранулі Мяне;
быў хворы і ў вязніцы, і вы не адведалі Мяне“.
Тады і яны адкажуць Яму: «Пане, калі мы бачылі Цябе галодным ці сасмяглым, ці падарожным, ці голым, ці хворым, ці ў вязніцы, і не ўслужылі Табе?“ А ён скажа ім у адказ: „Сапраўды кажу вам: чаго вы не зрабілі аднаму з гэтых меншых, таго не зрабілі Мне“. І гэтыя адыдуць на вечнае пакаранне, а справядлівыя — да вечнага жыцця».
(Мц 25, 31–46)
Аддай Богу Божае
Сёння перад намі два магутныя ўладары. Адзін з іх — Кір ІІ Вялікі, тытул якога заканчваўся словамі «кароль усяго свету». Бог учыніў яго сваёю прыладаю — даў яму валадаранне над Ізраэлем. І хоць ізраільцяце не здабылі незалежнасці, аднак дзякуючы Божай ласцы маглі «перавесці дыханне», адбудаваць Ерузалем і святыню, якая раней была разбураная. Затое Кір ІІ Вялікі меў стратэгічна важны горад для развіцця імперыі.
Другім кіраўніком быў Тыберый — імператар, уладар Рымскай імперыі, які акупаваў Ерузалем, землі ізраільцянаў. Ён кіраваў праз сваіх намеснікаў, а жыхароў абкладаў падаткамі. Імператар марыў стаць «каралём усяго свету», як і Кір. Абодва ўладары дазволілі захаваць рэлігійную свабоду. Шматразова на старонках Святога Пісання можна назіраць іх нежаданне ўступаць у рэлігійныя спрэчкі: пакуль няма пагрозы падзелу ці паўстання, лепш пазбягаць гэтых спрэчак.
У Евангеллі фарысеі прыходзяць да Езуса, каб задаць Яму пытанне. Мы ўжо ведаем, што яны хочуць абараніць сваю пазіцыю і асудзіць Езуса на смерць, хоць нагодаю для гэтага было згаданае раней захаванне еднасці. Фарысеі пытаюцца пра падатак у такім ключы, што любы адказ — станоўчы ці адмоўны — выклікаў бы канфлікт і беспарадкі, а ў выніку і ўмяшанне акупанта. Аднак Пан Езус, як заўсёды, здзіўляе… Ён кажа: «Аддавайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу». Адказ незвычайны, бо пра Бога ніхто не пытаўся. Аднак менавіта гэтыя словы з’яўляюцца ўвянчаннем усяго аповеду: аддаць Богу тое, што Божае. Што ж належыць Богу? Усё, што Ён стварыў. І Кір, і імператар. І я, і ты. Таму не будзем засяроджвацца сёння на падатковай манеце, а задумаемся пра тое, ці аддалі мы Пану Богу сябе, усё добрае і дрэннае, усё тое, што дае нам радасць, і тое, што нас прыгнятае. Ці аддаем мы Хрысту свет такім, якім ён сёння ёсць? Бог дзіўным чынам вядзе нас да збаўлення. Для гэтага Яму патрэбныя былі і Кір, і Тыберый, і многія іншыя. Ён хоча прывесці да збаўлення і нас, а праз нас — таксама іншых людзей. Аддадзімся ж Яму і будзем аднаўляць гэтае адданне кожны дзень, а затым цалкам даручым сябе ў Ягоныя рукі, калі Ён прыйдзе па нас.
Айцец Мікалай Вальчак ОР
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

