Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Курасем ОР мы разважаем пра тое, што Пан Бог не патрабуе ад нас немагчымага, а чакае толькі таго, на што мы на самай справе здольныя.
XXXІІІ Звычайная нядзеля, год А (19.11.2023)
Езус расказаў сваім вучням гэтую прыпавесць: «Пэўны чалавек, ад’язджаючы, паклікаў сваіх слугаў і даручыў ім сваю маёмасць. Аднаму даў пяць талантаў, другому — два, іншаму — адзін; кожнаму паводле іхніх магчымасцяў, і ад’ехаў. <…>
Па доўгім часе прыйшоў гаспадар слугаў гэтых і пачаў патрабаваць ад іх рахунку. Той, які атрымаў пяць талантаў, падышоў і прынёс яшчэ пяць талантаў і сказаў: „Гаспадар, пяць талантаў ты даў мне, вось яшчэ пяць талантаў я зарабіў на іх“. Гаспадар ягоны сказаў яму: „Добра, слуга добры і верны, у малым ты быў верны, над многім цябе пастаўлю. Увайдзі ў радасць гаспадара твайго“».
(Мц 25, 14–15.19–21)
Мікрасвет
Гаспадар раздаў усю сваю маёмасць. Аднаму слузе даў пяць талантаў, другому — два, апошняму — адзін. Сумарна восем талантаў. Усю маёмасць.
Я ўзгадваю іншую прыпавесць, дзе гаворыцца пра доўг, які складаўся з дзесяці тысячаў талантаў. Ануляванне гэтага доўгу сведчыла пра тое, што гаспадар быў вельмі багатым; а сёння гутарка ідзе пра маёмасць у восем талантаў.
Восем і дзесяць тысячаў… Восем талантаў пераносяць нас на значна ніжэйшы ўзровень абстракцыі. Дзеянне прыпавесці з сённяшняга Евангелля адбываецца не дзесьці далёка, у палацах і сярод каралёў, якія валодаюць вялізнаю маёмасцю; яно разгортваецца не паміж вялікімі гэтага свету, але значна бліжэй — побач, на адлегласці выцягнутай рукі, за ўваходнымі дзвярыма твайго жытла.
Чалавек з васьмю талантамі дзеліцца тым, што мае, і нічога сабе не пакідае — нібы гэтым жэстам ён хацеў прыцягнуць на свой бок тых, каму даверыў маёмасць. Апошні з іх павінен быў, паводле словаў гаспадара, аддаць адзін талант на захаванне ў банк. Замест гэтага той схаваў талант у зямлі. Гаспадар не патрабаваў немагчымага, чакаў хутчэй таго, што кожны можа зрабіць у адпаведнасці са сваімі здольнасцямі.
Гэта адна з першых рысаў сапраўднай любові — патрабаваць столькі, на колькі чалавека «хопіць». Спачатку няшмат. З часам, калі мы дасягнем пэўнага ўзроўню развіцця, лёгка перасунуць межы згодна з магчымасцямі, каб далей узрастаць і аддаваць самога сябе. Ужо не ў адным таланце, а ў двух…
Айцец Гжэгаж Курась ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».