Сёння разам з айцом дамініканінам Мікалаем Вальчакам ОР мы разважаем пра тое, якімі незвычайнымі шляхамі Бог вядзе нас да збаўлення, а таксама пра сэнс евангельскага наказу «аддаць Богу Божае».

XІX Звычайная нядзеля, год А (22.10.2023)

Фарысеі пайшлі і раіліся, як бы злавіць Езуса на слове. I паслалі да Яго вучняў сваіх разам з прыхільнікамі Ірада, каб спыталіся: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і шляху Божаму праўдзіва вучыш, і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей. Таму скажы нам: як Табе здаецца? Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не?» Але Езус, ведаючы іхнюю зласлівасць, сказаў: «Чаму Мяне выпрабоўваеце, крывадушнікі? Пакажыце Мне падатковую манету». Яны прынеслі Яму дынар. Ён спытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» Адказалі Яму: «Цэзара». Тады Ён сказаў ім: «Дык аддавайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу».

(Мц 22, 15–21)

Аддай Богу Божае

Сёння перад намі два магутныя ўладары. Адзін з іх — Кір ІІ Вялікі, тытул якога заканчваўся словамі «кароль усяго свету». Бог учыніў яго сваёю прыладаю — даў яму валадаранне над Ізраэлем. І хоць ізраільцяце не здабылі незалежнасці, аднак дзякуючы Божай ласцы маглі «перавесці дыханне», адбудаваць Ерузалем і святыню, якая раней была разбураная. Затое Кір ІІ Вялікі меў стратэгічна важны горад для развіцця імперыі.

Другім кіраўніком быў Тыберый — імператар, уладар Рымскай імперыі, які акупаваў Ерузалем, землі ізраільцянаў. Ён кіраваў праз сваіх намеснікаў, а жыхароў абкладаў падаткамі. Імператар марыў стаць «каралём усяго свету», як і Кір. Абодва ўладары дазволілі захаваць рэлігійную свабоду. Шматразова на старонках Святога Пісання можна назіраць іх нежаданне ўступаць у рэлігійныя спрэчкі: пакуль няма пагрозы падзелу ці паўстання, лепш пазбягаць гэтых спрэчак.

У Евангеллі фарысеі прыходзяць да Езуса, каб задаць Яму пытанне. Мы ўжо ведаем, што яны хочуць абараніць сваю пазіцыю і асудзіць Езуса на смерць, хоць нагодаю для гэтага было згаданае раней захаванне еднасці. Фарысеі пытаюцца пра падатак у такім ключы, што любы адказ — станоўчы ці адмоўны — выклікаў бы канфлікт і беспарадкі, а ў выніку і ўмяшанне акупанта. Аднак Пан Езус, як заўсёды, здзіўляе… Ён кажа: «Аддавайце цэзарава цэзару, а Божае — Богу». Адказ незвычайны, бо пра Бога ніхто не пытаўся. Аднак менавіта гэтыя словы з’яўляюцца ўвянчаннем усяго аповеду: аддаць Богу тое, што Божае. Што ж належыць Богу? Усё, што Ён стварыў. І Кір, і імператар. І я, і ты. Таму не будзем засяроджвацца сёння на падатковай манеце, а задумаемся пра тое, ці аддалі мы Пану Богу сябе, усё добрае і дрэннае, усё тое, што дае нам радасць, і тое, што нас прыгнятае. Ці аддаем мы Хрысту свет такім, якім ён сёння ёсць? Бог дзіўным чынам вядзе нас да збаўлення. Для гэтага Яму патрэбныя былі і Кір, і Тыберый, і многія іншыя. Ён хоча прывесці да збаўлення і нас, а праз нас — таксама іншых людзей. Аддадзімся ж Яму і будзем аднаўляць гэтае адданне кожны дзень, а затым цалкам даручым сябе ў Ягоныя рукі, калі Ён прыйдзе па нас.


Айцец Мікалай Вальчак ОР
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней