
Сёння разам з айцом дамініканінам айцом Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра важнасць прабачэння як Божага дару.
XXIV Звычайная нядзеля, год А (17.09.2023)
Пётр падышоў да Езуса і сказаў Яму: «Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?» Езус адказаў яму: «Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў.
Таму Валадарства Нябеснае падобнае да караля, які захацеў разлічыцца са сваімі слугамі. Калі ён пачаў разлічвацца, прывялі да яго аднаго, які вінен быў яму дзесяць тысячаў талантаў. Паколькі той не меў чым заплаціць, то гаспадар загадаў прадаць яго і жонку, і дзяцей, і ўсё, што ён меў, і заплаціць. Тады, упаўшы, слуга кланяўся перад ім і казаў: „Будзь велікадушны да мяне, і ўсё табе аддам“. Гаспадар, злітаваўшыся над гэтым слугой, адпусціў яго і дараваў яму доўг. А калі гэты слуга выйшаў, знайшоў аднаго з сабратоў сваіх, які вінен быў яму сто дынараў, і, схапіўшы яго, душыў, кажучы: „Аддай мне, што вінен“. Тады сабрат яго ўпаў да ног ягоных і маліў яго, кажучы: „Будзь велікадушны да мяне, і аддам табе“. Але той не захацеў, а пайшоў і пасадзіў яго ў вязніцу, пакуль не аддасць доўгу.
Ягоныя сабраты, убачыўшы, што здарылася, засмуціліся вельмі і, прыйшоўшы, расказалі гаспадару свайму ўсё, што cталася. Тады гаспадар паклікаў яго і сказаў: „Нягодны слуга, увесь твой доўг я дараваў табе, таму што ты папрасіў мяне. Ці ж не належала і табе змілавацца над сабратам тваім, як і я змілаваўся над табою?“ I, разгневаўшыся, гаспадар ягоны аддаў яго кáтам, пакуль не верне яму ўсяго доўгу. Так і Айцец Мой Нябесны зробіць вам, калі кожны з вас ад сэрца не даруе брату свайму».
(Мц 18, 21–35)
Прабачэнне — Божы дар
Пакуль чалавек сам не сутыкнецца з канкрэтнай сітуацыяй, у якой трэба зразумець і прабачыць бліжняга, ён не пераканаецца ў тым, наколькі гэта цяжка — выканаць наказ Пана Езуса з сённяшняга нядзельнага Евангелля. Людзі часта падводзяць нас, здраджваюць нам, не спаўняюць нашых чаканняў, сваіх абяцанняў, і гэта вельмі балюча адбіваецца на нашых адносінах з імі. Аднак калі мы аказваемся на месцы вінаватага, то хочам літасці і разумення ад іншых. Таму напамін Езуса аб прабачэнні заўсёды актуальны, сугучны з Яго словамі пра парушынку ў воку бліжняга і бервяно ва ўласным воку (гл. Лк 6, 41). А мераю справядлівасці адносна іншых павінны быць словы: «Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце». (Лк 6, 31) Бог, які вучыць нас гэтаму, будзе судзіць нас гэтаксама, як і мы судзім нашых бліжніх.
Калі мы імкнемся да прабачэння, мы нічога не губляем і не прыніжаем сябе. Бог прапануе нам прабачыць, а не трымаць у сабе крыўду і злосць. Прабачаючы, мы дзелімся тым бязмежным дарам, які атрымліваем ад Пана. Карані праблемаў з прабачэннем бліжняму варта шукаць ва ўласных адносінах да Божага прабачэння. Слуга з прыпавесці Езуса не прыняў і да канца не зразумеў дару, які атрымаў ад гаспадара. Наколькі можа змяніцца нашае жыццё і атачэнне, калі мы нягледзячы на цяжкасці будзем імкнуцца да прымірэння і прабачэння.
Айцец Павел Мажэйка ОР