
Сёння разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Хжаноўскім ОР мы разважаем пра тое, як павінна выглядаць братэрская заўвага, скіраваная да бліжняга з любоўю.
XXІІІ Звычайная нядзеля, год А (10.09.2023)
Езус сказаў сваім вучням: «Калі зграшыць супраць цябе брат твой, пайдзі і дакары яго сам-насам. Калі паслухаецца цябе, то ты здабыў свайго брата. Калі ж не паслухаецца, вазьмі з сабою яшчэ аднаго ці двух, каб вуснамі двух ці трох сведкаў пацвердзілася кожнае слова. Калі ж не паслухаецца іх, скажы Касцёлу. А калі і Касцёла не паслухаецца, то няхай ён будзе для цябе як язычнік і мытнік. Сапраўды кажу вам: што вы звяжаце на зямлі, тое будзе звязана ў небе, і што развяжаце на зямлі, тое будзе развязана ў небе.
Сапраўды таксама кажу вам, што калі двое з вас на зямлі згодна прасілі б аб чым-небудзь, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх».
(Мц 18, 15–20)
Доўг любові
Аднойчы падчас адпачынку мы з сябрам, вопытным альпіністам з Замарлай Турні, ішлі ў кірунку Мураванца. Неба над намі было сіняе, але такою сінечаю, што ажно адчуваўся метафізічны страх. Узнікалі думкі: «Уцякайма, бо зараз як грымнуць перуны і ліне дождж, то нам мала не падасца». А тым часам над Чорным Ставам ладзіўся пікнік — там быў натоўп турыстаў. Ніхто і не думаў вяртацца, маладыя і старыя весела праводзілі час пад цёмнай хмарай. Ніхто не звяртаў увагі на тое, што надыходзіць бура. Праз паўтары гадзіны мы з сябрам сядзелі ў цяпле, назіраючы за натоўпам прамоклых і змерзлых турыстаў, якія штурмуюць сталоўку турыстычнай базы.
Мне ўзгадаўся гэты выпадак, калі я пачаў раважаць над чытаннем пра братэрскі напамін з Евангелля паводле святога Мацвея і пра напамін грэшніка з Кнігі Эзэхіэля. Зразумела, многія з нас не любяць маралізатарскага тону, які часам прысутнічае ў напамінах з боку Касцёла ці асобных людзей — настаяцеляў або аўтарытэтаў. Аднак напамін не павінен быць маралізатарствам з пачуццём уласнай вышэйшасці, што толькі раздражняе слухачоў. Ён можа быць словам, якое хоць і павучае, але адначасова ў сваёй мудрасці грунтуецца на вопыце і жаданні дапамагчы. Гэтак жа магло быць у гарах, калі б хтосьці сказаў, што ўжо бачыў такую хмару і што хутка падымеццца бура, што прагулка ў басаножках, тым больш з малымі дзецьмі, не самая лепшая ідэя.
Для паўнаты вобразу братэрскага напаміну важным дапаўненнем будуць словы святога Паўла: «Нікому нічога не будзьце павінныя, апроч узаемнай любові» (Рым 13, 8). Менавіта любоў, а не раздражненне ці пачуццё ўласнай вышэйшасці павінна быць апораю напаміну. Любоў да чалавека, якому мы робім заўвагу, а не страх перад людскім меркаваннем ці катэгарычнае «проста так трэба — і ўсё, канец дыскусіі». Было б ідэальна, калі б той, да каго мы скіроўваем напамін, адначасова адчуў, што клопат і братэрская любоў — гэта не пустыя словы, а сапраўдная повязь.
Айцец Гжэгаж Хжаноўскі ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».