«Выйшаў сейбіт сеяць»

Разам з айцом дамініканінам Гжэгажам Курасем ОР мы разважаем пра сэнс і значнасць звычайных справаў у нашым штодзённым жыцці.

ХV Звычайная нядзеля, Год А (16.07.2023)

У той дзень Езус выйшаў з дому і сеў каля мора. Cабралася каля Яго мноства народу, так што Ён увайшоў у човен і сеў, а ўвесь народ стаяў на беразе.

Ён шмат гаварыў ім у прыпавесцях, кажучы: «Вось, выйшаў сейбіт сеяць. Калі сеяў, некаторыя зярняты ўпалі пры дарозе, і наляцелі птушкі, і падзяўблі іх. Другія ж упалі на камяністае месца, дзе было мала зямлі, і адразу прараслі, бо зямля была неглыбокая. Аднак, калі ўзышло сонца, яны завялі і таму, што не мелі каранёў, засохлі. А іншыя ўпалі сярод церняў, і выраслі церні, і заглушылі іх. Яшчэ іншыя ўпалі на добрую зямлю і прынеслі плён: адно ў сто разоў, другое ў шэсцьдзясят, а іншае ў трыццаць. Хто мае вушы, няхай слухае.

(Мц 13, 1–9)

«Выйшаў сейбіт сеяць»

Сейбіта можна ўспрымаць як чалавека багатага і адначасова шчодрага, бо ён з размахам сыпле зерне. Яго вобраз можна разглядаць як прыклад і крыніцу натхнення для нас, аднак у такім выпадку існуе небяспека, што паміж намі і ім атрымаецца вялікая дыстанцыя: ён шчодры — а я? Ён не глядзіць, куды сыпле — а я?

А можа, гэты сейбіт не так ужо моцна адрозніваецца ад нас? Палі, якія апрацоўваліся на Святой Зямлі ў часы Езуса, не былі занадта дагледжанымі; наадварот, скалы, зарослая пустазеллем і ўрадлівая зямля там цесна межавалі. Таму кожнае засяванне поля было кіданнем зярнятаў сярод церняў, на скалы, у глебу.

Штодзённае жыццё звычайнага чалавека — гэта своеасаблівы фон для прыпавесці Езуса. Аднак у гэтай шэрасці і звычайнасці пасеву з’яўляецца штосьці незвычайнае — плён: у сто разоў, у шэсцьдзясят разоў, у трыццаць разоў. Хіба магчыма, каб яго было ажно столькі? У тым клімаце і без угнаенняў? Ці можа звычайная праца прывесці да такога выніку? Паставім яшчэ адно пытанне: ці можа тое, што бачнае і паўсядзённае, стаць чымсьці незямным, незвычайным? Напрыклад, віно — крывёю, а хлеб — целам?

Магчыма, гэтая прыпавесць вучыць нас таксама, што мераю жыцця з’яўляецца не тое, колькі незвычайных учынкаў мы зрабілі, а тое, колькі нашых паўсядзённых і відавочных справаў прынесла ажыўленне, вызваленне, святло; колькі простых словаў прынесла палёгку чалавеку, які змучыўся пад цяжарам іншых словаў, можа, праўдзівых, але прамоўленых без любові.

Празвінеў будзільнік… Дзень пачаўся… Сейбіт, кравец, урач, афіцыянт выйшлі «сеяць»…


Айцец Гжэгаж Курась ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней