Этапы любові паводле Езуса Хрыста

Разам з айцом дамініканінам Норбэртам Аўгустынам Лісам ОР мы разважаем пра этапы любові чалавека да Бога.

ХІІІ Звычайная нядзеля, Год А (02.07.2023)

Езус сказаў сваім Апосталам: «Хто любіць бацьку ці маці больш за Мяне, не варты Мяне. І хто любіць сына ці дачку больш за Мяне, не варты Мяне. I хто не бярэ крыжа свайго, а ідзе за Мною, той не варты Мяне. Хто знайшоў жыццё сваё, страціць яго. А хто страціў жыццё сваё дзеля Мяне, знойдзе яго. Хто прымае вас, Мяне прымае. А хто прымае Мяне, прымае таго, хто паслаў Мяне. Хто прымае прарока ў імя прарока, атрымае ўзнагароду прарока. І хто прымае справядлівага ў імя справядлівага, атрымае ўзнагароду справядлівага. I хто напоіць аднаго з малых гэтых толькі кубкам халоднай вады як вучня, сапраўды кажу вам, не страціць узнагароды сваёй».

(Мц 10, 37–42)

Адзіная і сапраўдная мэта

У сучасных мовах паняцці любові да людзей, рэчаў і ідэй змешваюцца і пераплятаюцца з-за ўжывання аднаго слова — «любіць». У супрацьлегласць гэтаму класічная грэка мае некалькі азначэнняў, якія выражаюць «любоў», «каханне» без змешвання паняццяў.

Найбольш папулярным азначэннем у грэцкай мове з’яўляецца дзеяслоў φιλέω («phileó») — ён апісвае любоў да сяброў, да блізкіх людзей і нават захапленне словамі, ідэямі, мудрасцю (адсюль паходзяць словы «філалогія», «філасофія» і г.д.).

У грэцкай мове можна таксама знайсці слова στοργή («storgḗ») — гэта любоў да каштоўнасцяў. Салдат такім чынам любіць Радзіму.

Акрамя таго, існуе таксама славуты Ἔρως («Érōs»), або чалавечая любоў у псіхафізічным вымярэнні, якая існуе ў інтымным саюзе жанчыны і мужчыны.

Аднак найперш нам трэба звярнуць увагу на слова ἀγάπη («agápē») — гэта любоў, якою можа любіць толькі Бог, а ўслед за Ім — чалавек, які дарэшты прыняў Божую любоў у сваім жыцці. «Agápē» — гэта найвышэйшая форма любові, яна безумоўная. Пан Езус двойчы пытаецца пра гэтую любоў у Пятра на Тыберыядскім моры (гл. Ян 21, 15–19). Аднак Пётр адказвае, што любіць Хрыста любоўю «phileó», як сябар. Толькі на трэці раз Езус «спускаецца» да ўзроўню Пятра і пытаецца ў свайго вучня, ці любіць той Яго хоць бы сяброўскаю любоўю. Пётр адказвае, што любіць. Такім чынам, сяброўства з Панам — гэта пачатак шляху любові.

Аднак у сённяшнім фрагменце Евангелля Пан Езус хоча штосьці ўдакладніць: той, хто больш любіць бацьку, маці, сына або дачку, а таксама сваё жыццё, не варты Яго. Дзіўна, але ў гэтым сказе ўжыты дзеяслоў «phileó», а не «agápē». Значыць, калі гутарка заходзіць пра сяброўскую любоў з Хрыстом, то Пан хоча быць найбольшым і найбліжэйшым Сябрам. У далейшым гэта дазваляе навучыцца любіць Бога і людзей любоўю «agápē» — безумоўна, дарэшты.


Айцец Норбэрт Аўгустын Ліс ОР.
Пераклад з польскай мовы Ганны Шаўчэнка.
Паводле «W drodze».

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней