Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра тое, як Бог давярае чалавеку.

ХІ Звычайная нядзеля, Год А (18.06.2023)

Убачыўшы натоўпы людзей, Ён змілаваўся над імі, бо яны былі знясіленыя і пакінутыя, як авечкі без пастыра. Тады Ён сказаў вучням сваім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё». Паклікаўшы дванаццаць вучняў сваіх, Ён даў ім уладу выганяць нячыстых духаў і лячыць усялякую хваробу і ўсялякую немач.

Імёны ж дванаццаці Апосталаў такія: першы Сымон, называны Пятром, і Андрэй, брат яго, Якуб Зэбэдэеў і Ян, брат ягоны, Філіп і Барталамей, Тамаш і мытнік Мацвей, Якуб Алфееў і Тадэвуш, Сымон Кананэец і Юда Іскарыёт, які і выдаў Яго.

Гэтых Дванаццаць паслаў Езус, наказваючы ім: «На шлях язычнікаў не ўзыходзьце і ў гарады самарыйскія не ўваходзьце. Але перадусім ідзіце да загубленых авечак з дому Ізраэля. Ідзіце і абвяшчайце, кажучы: “Наблізілася Валадарства Нябеснае”. Хворых аздараўляйце, мёртвых уваскрашайце, пракажоных ачышчайце, злых духаў выганяйце. Задарма атрымалі, задарма давайце».

(Мц 9, 36 – 10, 8)

Найбольшы давер

Мяне заўсёды здзіўляе тое, як Бог давярае чалавеку. Ужо ад пачатку свету, стварыўшы зямлю і ўсе жывое, Ён пасяляе ў раі чалавека, каб той мудра карыстаўся створаным светам. І хоць чалавек мае ў сабе вобраз Божы, што з’яўляецца для нас перадусім прывілеем, а потым адказнасцю, Бог даў нам свабоду ў прыняцці рашэнняў. Толькі вольны можа любіць сапраўднай любоўю. Бог выбірае ізраэльскі народ, у якім павінен нарадзіцца Збаўца, клапоціцца пра гэты народ і аберагае яго, цярпліва вучыць вернасці адзінаму сапраўднаму Богу. Калі мы чытаем старонкі Старога Запавету, дзе апісваецца падарожжа Ізраэля праз пустыню, то пераконваемся, што калі б мы былі на месцы Бога, то даўно ўжо страцілі б цярплівасць, знішчылі б упарты народ і стварылі новы. Але Бог мае час... Там, дзе чалавек страчвае надзею, Бог як вінаградар ачышчае ад смецця граху добрае, дае вінаграду свабодна развівацца і даваць плён. Гэтаксама наш Збаўца Езус Хрыстус выбірае сваіх вучняў сярод тых, хто не вылучаецца асаблівымі здольнасцямі, але мае добрае сэрца, альбо сэрца дзіцяці — гэта значыць, сэрца, здольнае змяняцца да лепшага, слухаць і прымаць Божае слова. Таму так важна звярнуць увагу на словы Езуса, які пасылае ў свет на служэнне сваіх вучняў: «Задарма атрымалі, задарма давайце». Гэтымі словамі Ён нагадвае пра тое, што Бог выбірае з ласкі. Памятаючы гэта, мы ўсцеражэмся ад узвышэння над іншымі і будзем служыць у Касцёле ахвярнай любоўю.


Айцец Павел Мажэйка ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней