
Разам з айцом дамініканінам Паўлам Мажэйкам ОР мы разважаем пра важнасць супольнасці і захаванне еднасці ў ёй.
VІІ Велікодная нядзеля, Год А (21.05.2023)
Сказаўшы гэта, Езус узняў вочы свае да неба і сказаў: «Ойча, прыйшла гадзіна. Услаў Сына свайго, каб і Сын уславіў Цябе. Ты даў Яму ўладу над усякім целам, каб Ён даў жыццё вечнае ўсяму, што Ты даў Яму. А вечнае жыццё ў тым, каб пазналі Цябе, адзінага праўдзівага Бога, і таго, каго Ты паслаў, Езуса Хрыста. Я ўславіў Цябе на зямлі, выканаўшы справу, якую Ты даручыў Мне зрабіць. А цяпер Ты, Ойча, услаў Мяне ў сабе хвалою, якую меў Я ў Цябе перад існаваннем свету.
Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі, і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, паходзіць ад Цябе. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне. Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, Я ж іду да Цябе.
(Ян 17, 1–11а)
Еднасць на ўзор Найсвяцейшай Тройцы
Ёсць людзі, якія самі пачынаюць вывучаць замежную мову. Для гэтага існуе шмат розных дапаможнікаў і матэрыялаў. Такім спосабам можна дасягнуць пэўнага поспеху, але цяжка кожны раз матываваць самога сябе для таго, каб працягваць вучыцца далей. З настаўнікам, у групе іншых вучняў мова даецца лягчэй. Таксама, калі хтосьці вучыцца іграць на музычным інструменце, хоць і можа яго асвоіць сам, але мае патрэбу ў іншым чалавеку, каб той дапамог яму іграць больш дасканала, выпраўляючы памылкі. Па-рознаму перажываецца шлях, калі мы падарожнічаем у адзіноце і ў кампаніі сяброў.
Пан Езус заснаваў Касцёл як супольнасць вернікаў, аб’яднаных Духам Святым праз хрышчэнне, дзеля таго, каб мы разам імкнуліся да святасці, падтрымліваючы адзін аднаго. Ведаючы, якім крохкім з прычыны нашай слабасці можа быць гэтае адзінства паміж людзьмі, Езус моліцца за нас да Айца, просячы, каб Ён захаваў нас у непарыўнай еднасці, на ўзор Найсвяцейшай Тройцы. Больш за тое, менавіта еднасць з Айцом праз Сына ў Духу Святым з’яўляецца гарантыяй еднасці вернікаў у супольнасці Касцёла. Выпрабаванні могуць быць як у самой супольнасці, так і праз нейкія знешнія пераследы. Але і ўнутраныя канфлікты, і знешняе супрацьстаянне можна перамагчы, шукаючы дабра для іншага чалавека і молячыся аб навяртанні ворагаў. Так, як у Найсвяцейшай Тройцы Сын шукае хвалы Айца, Айцец праслаўляе Сына, а Дух Святы дзейнічае, аб’яўляючы Божую хвалу свету. Кожны з нас мае права шукаць падтрымкі ў супольнасці Касцёла. І кожны з нас можа служыць падтрымкаю братам і сёстрам у Хрысце, каб малітва Езуса была плённаю і каб праз гэта яшчэ больш быў услаўлены Бог.
Айцец Павел Мажэйка ОР.
Пераклад з польскай Юліі Косавай.
Паводле матэрыялаў партала https://wdrodze.pl.