
Разам з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР мы разважаем пра біблійнае навагодняе благаслаўленне.
Урачыстасць святой Багародзіцы Марыі, Год А (01.01.2023)
Прамовіў Пан да Майсея, кажучы:
Скажы Аарону і сынам ягоным: Так благаслаўляйце сыноў Ізраэля, кажучы ім:
Няхай благаслаўляе цябе Пан і аберагае цябе!
Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай.
Няхай Пан скіруе на цябе свой погляд і адорыць цябе мірам.
І будуць заклікаць імя Маё над сынамі Ізраэля, і Я благаслаўлю іх.
(Ліч 6, 22–27)
Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны, падпарадкаванага Закону, каб адкупіць тых, хто падлягаў Закону, каб мы атрымалі ўсынаўленне. А паколькі вы сыны, Бог паслаў у вашыя сэрцы Духа Сына свайго, які ўсклікае: Абба, Ойча! Таму ты ўжо не раб, а сын, а калі сын, то і спадкаемца Божы.
(Гал 4, 4–7)
Яны пайшлі, спяшаючыся, і знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля, якое ляжала ў яслях. А калі ўбачылі, расказалі тое, што было абвешчана ім пра гэтае Дзіця. Усе, хто чуў, дзівіліся таму, што расказвалі ім пастухі. А Марыя захоўвала ўсе гэтыя словы, разважаючы ў сэрцы сваім.
І вярнуліся пастухі, праслаўляючы і хвалячы Бога за ўсё, што пачулі і ўбачылі, як было сказана ім.
Кaлі мiнулa вoсем дзён, кaб aбрэзaць Дзiця, дaлі Яму iмя Езус, якoе былo нaзвaнa aнёлaм перад Яго зaчaццем ва ўлонні.
(Лк 2, 16–21)
«Няхай благаслаўляе цябе Пан…»
У першым чытанні ва ўрачыстасць Багародзіцы гучыць прыгожае благаслаўленне, якім Бог наказаў святарам благаслаўляць ізраільцянаў. Касцёл таксама перадае нам гэтыя словы малітвы, каб мы карысталіся імі.
Я памятаю часы, калі яшчэ вучыўся ва ўніверсітэце. Мне было каля 22 гадоў, і тады мяне вельмі ўзрушылі словы гэтага благаслаўлення. Святар у казанні заахвоціў нас выказваць адзін аднаму навагоднія пажаданні менавіта словамі гэтай малітвы-благаслаўлення.
Выйшаўшы з касцёла пасля святой Імшы, я падыходзіў да незнаёмых людзей, зычыў ім шчаслівага Новага года і прамаўляў словы благаслаўлення: «Няхай бласлаўляе цябе Пан і аберагае цябе! Няхай Пан распраменіць сваё аблічча над табою і адорыць цябе ласкай. Няхай Пан скіруе на цябе свай погляд і адорыць цябе мірам». Гэта была толькі частка малітвы, і людзі вельмі радаваліся ёй. Можа, варта і цяпер нам вывучыць на памяць нейкую частку благаслаўлення Аарона, напрыклад, гэтую: «Няхай бласлаўляе цябе Пан, аберагае… i адорыць мірам», — і віншаваць людзей, якіх мы выпадкова сустракаем — знаёмых, прадаўцоў, кіроўцаў і г.д.
Апроч таго, нам сустракаецца шмат людзей, да якіх мы не гарым асаблівай сімпатыяй, мы чуем і чытаем пра тых, хто чыніць зло і несправядлівасць, нават маем ворагаў. Добра было б словы гэтага навагодняга біблійнага благаслаўлення замяніць на словы малітвы за гэтых людзей, каб не падтрымліваць у сваім сэрцы нелюбоў, злосць, варожасць ці нянавісць, бо трэба благаслаўляць нават тых, хто праклінае нас — так вучыў Пан Езус і сам так рабіў.
З малітоўнымі словамі гэтага благаслаўлення
за ўсіх, хто чытае каментар да нядзельных чытанняў
на старонцы «Ave Maria»,
айцец Раман Шульц ОР