
Сёння разам з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР мы разважаем пра маленькія ўтаймаванні, неабходныя для ўзрастання ў веры.
XIV Звычайная нядзеля, Год С (03.07.2022)
Радуйцеся разам з Ерузалемам і весяліцеся ў ім усе, хто любіць яго. Радасна весяліцеся разам з ім усе, хто плакаў над ім, каб вы карміліся і насычаліся ўдосталь з грудзей яго суцяшэння, каб вы ўпіваліся і напаўняліся асалодай з грудзей ягонай славы. Бо так кажа Пан: Вось Я скірую да яго спакой, як раку, і хвалу народаў, як паўнаводны паток. Вас будуць карміць і насіць на руках, і на каленях будуць песціць вас. Як кагосьці суцяшае маці, так Я буду суцяшаць вас, і атрымаеце суцяшэнне ў Ерузалеме. Убачыце, і ўсцешыцца вашае сэрца, і косці вашы расквітнеюць, як трава. І адкрыецца рука Пана слугам Ягоным. Гэта слова Божае.
(Іс 66, 10–14с)
Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа Пана нашага Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету. Бо ні абразанне нічога не значыць, ні адсутнасць абразання, але новае стварэнне. І над усімі, хто будзе паступаць паводле гэтага правіла, — спакой і міласэрнасць, а таксама над Ізраэлем Божым.
Урэшце, няхай ніхто не абцяжарвае мяне, бо я нашу на сваім целе раны Езуса. Ласка Пана нашага Езуса Хрыста з духам вашым, браты. Амэн.
(Гал 6, 14–18)
Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці. І сказаў ім: Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё. Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў. Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце. У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: «Спакой гэтаму дому!» Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас. Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом. Калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць. Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: «Наблізілася да вас Валадарства Божае».
(Лк 10, 1–9)
Сэнс маленькіх ахвяраў
Сёння ва ўрыўку з Паслання да Галатаў мы чытаем вельмі важныя словы св. Паўла: «Няхай мне не давядзецца хваліцца нічым, акрамя крыжа Пана нашага Езуса Хрыста, праз якога свет укрыжаваны для мяне, а я — для свету». Давайце дадамо да гэтага іншы ўрывак, які гаворыць, чым мы можам хваліцца: урывак з Паслання да Рымлянаў (Рым 5, 2–5), у якім Апостал гаворыць, што можна ганарыцца ўціскам і надзеяй на славу Божую. Каб сапраўды па-Божаму ганарыцца гэтымі трыма рэчамі — крыжам Хрыстовым, уціскам і славай Божай, патрэбная адна ўмова: у першую чаргу неабходна мець веру, якая дзейнічае праз любоў, бо толькі з гэтай перспектывы мы можам адкрыць для сябе Хрыстовы крыж як аб’яўленне Яго любові да нас, а ўціск, якім мы мусім ганарыцца, — гэта запрашэнне адказаць на Божую любоў прыняццем цяжкасцяў, якія здараюцца ў нашым жыцці, і ахвяраваць іх дзеля дабра Містычнага цела Пана, якім з’яўляецца Касцёл, а перспектыва ўдзелу ў Божай славе, якой мы мусім ганарыцца, дазваляе нам пражыць гэтае няпростае жыццё з вялікай надзеяй на вечнае шчасце.
Неабходна падкрэсліць, што, калі мы не клапоцімся пра ўзрастанне ў веры, калі не ўзрастаем у асабістых адносінах з Езусам, калі забываем пра аскезу і няспыннае навяртанне, тады мы не здолеем ганарыцца, то бок хваліцца ўціскам і крыжам Хрыстовым.
Нам вельмі перашкаджае ў гэтым сучасны свет, для якога мы павінны быць укрыжаванымі (гаворка ідзе не толькі пра тое, каб не рабіць цяжкіх грахоў). Асаблівую рызыку уяўляе сабой неразумнае імкненне да камфорту і задавольвання ўсіх сваіх патрэбаў і прагненняў. Такое жаданне насычацца і напаўняцца — гэта часта знак таго, што незаўважна ў нашу штодзённасць уваходзяць геданізм і спажывецтва, якія не спалучаюцца з крыжам Езуса. Звернем хаця б увагу на свае звычкі ў ежы і піцці, памятаючы, што навяртацца — значыць пакідаць дрэнныя звычкі. Заўважце, як шмат у нашым асяродку атлусцелых людзей, якія атрымалі гэтую хваробу праз няправільнае харчаванне. Згадзіцеся, часта цукар, соль і тлушч — гэта нашыя любімыя ворагі. Адзін доктар, які глядзеў аналізы майго знаёмага, убачыў, што той пры росце 182 см важыць зашмат, і параіў яму скінуць вагу да 82 кг, а лепш нават яшчэ мінус пяць, гэта значыць — да 77 кг. Доктар параіў майму знаёмаму адмовіцца ад салодкага і тлустага, нават ад горкага шакаладу. Гэтая парада доктара вынікала з яго клопату аб здароўі пацыента. У гэтым кантэксце давайце запытаемся ў саміх сябе, ці ёсць у нашым жыцці апроч клопату пра здароўе таксама клопат пра пост, стрыманасць і ўтаймаванне? На жаль, вакол сябе мы бачым людзей, якія аб’ядаюцца, выбіраюць тое, што смачнейшае, а не тое, што здаравейшае і карыснейшае. Можа, і мы самі часам паддаемся гэтай спакусе? Аказваецца, многія дарослыя паводзяць сябе капрызна, як малыя дзеці, не могуць абысціся без прысмакаў. Для іх клопат пра тое, каб было пад рукою нешта смачнае, і прыемныя адчуванні ў роце з’яўляецца надзвычай важным. На жаль, гэта зусім не цнота.
Напэўна, у нас у жыцці дастаткова рознага ўціску і цяжкасцяў, але, магчыма, мы не ўмеем ахвяроўваць іх Богу, бо наш дух занадта слабы. Мы можам узмацніць яго праз малітву, кантакт з Божым словам, сістэматычную споведзь і Эўхарыстыю. Аднак і гэтага можа быць замала. Трэба дадаць да малітвы таксама міласціну і пост. Паспрабуем прыняць яшчэ адзін важны аспект умацавання духу. Давайце згодзімся з тым, што нашая ежа і пітво не павінны быць занадта смачнымі, вельмі добра прыпраўленымі, тлустымі або салодкімі. Я пішу пра гэта ў кантэксце асабістай аскезы не для таго, каб змушаць вас да гэтага. Няхай вашаю аскезай (уціскам, які вы самі для сябе выбіраеце) будзе адмаўленне ад слодычаў, якія не даюць нічога, апроч пустога смаку і прыемнага адчування, шкодзяць здароўю і з’яўляюцца спосабам лішні раз сабе дагадзіць. Ці ж гэта не спосаб адчыніць фортку для злога духа? Варта падумаць, ці насамрэч мне так трэба піць каву (і не аднойчы ў дзень) найлепшай якасці, з вяршкамі і абавязкова з цукрам. Ці ж гэта не крок да геданізму і дагаджання ўласнаму страўніку? Яшчэ адна рэч: можа, часам ты наядаешся нанач замест таго, каб пасля 18.00 даць страўніку адпачыць (вядома, мы не бярэм пад увагу выключныя сістуацыі, калі не варта дэманстраваць свае перакананні ў гасцях, напрыклад). Адсюль вынікае пытанне: ці ж гэта не дух гэтага свету? Есці і піць абы-што і абы-як — гэта і нездарова, і неразумна. Святы Тамаш распавядаў пра пяць грахоў абжорства. Першы — есці заўчасна, так званыя перакусы. Другі — вышукванне, калі замест таго, каб есці звычайныя сціплыя стравы, чалавек жадае есці толькі нешта асаблівае, выключнае. Трэці — есці больш, чым трэба. Чацвёрты — есці прагавіта. Пяты — есці пераборліва, калі чалавек не жадае есці нечага, бо не любіць.
Пра станоўчы вынік малой штодзённай аскезы, звязанай з ежаю, мы чытаем у словах 63-га псальма: «Цела маё па Табе тужыць» (Пс 63, 2). Давайце ўсвядомім, што ўсе нашыя жаданні ўказваюць нам на вечнасць, таму пагоня за задавальненнямі, слодычамі, каваю і г.д. забірае ў нас шанец адкрыцца на таямніцу Бога і на духоўныя дары.
Першае літургічнае чытанне з Кнігі прарока Ісаі апісвае насычэнне, якое Бог рыхтуе для нас у сваім Валадарстве, гэта значыць, у вечнасці. Каб атрымаць гэтае насычэнне, нам неабходна «белае пакутніцтва», то бок згода з тым, што не варта заспакойваць свой малы голад, сваю малую тугу па задавальненнях тут, на зямлі. У той жа час трэба прыняць рашэнне замяніць гэты голад і тугу на малітву і ахвяру за грэшнікаў. Такім чынам, можна будзе ганарыцца сваім удзелам у малым, штодзённым уціску. Гэта не цяжка, нават прыемна і дае радасць панавання над самім сабою. Святая Бакхіта, якая ахвотна ўтаймоўвала сябе, так адказвала, калі ў яе пыталіся, ці няма ў яе жаданняў і пачуццяў, ці ўвогуле, можа, яна нічога не адчувае: «Вядома, адчуваю, толькі мёртвыя нічога не адчуваюць, а я жывая». І дадавала: «Я гавару сваёй прыродзе: будзь цяпер паслухмянаю, а потым паглядзім… Я пры гэтым яднаюся з мукаю Пана і Найсвяцейшай Маці, а мая натура супакойваецца і больш нічога не патрабуе». Яна сама кіравала сваімі жаданнямі, а не жаданні ёю. Колькі ж у нашым жыцці залежнасцяў ад жаданняў, якія не прыносяць славы Богу і не набліжаюць нас да Бога, а толькі кормяць наш эгаізм!
Том Монаганг, мільянер, які пабудаваў каталіцкі горад і ўніверсітэт у ЗША, у Фларыдзе, есць слодычы толькі 12 разоў у год. Аказваецца, што так можна, але патрэбная матывацыя.
У св. Паўла мы чытаем словы заахвочвання аддаць свае целы на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу, распазнаваць, якая воля Божая, што добрае, прыемнае і дасканалае (Рым 12, 1–2).
Давайце паразважаем пра гэта ў кантэксце нашых дрэнных звычак у ежы і піцці. Дантэ Аліг’еры ў сваёй «Боскай камедыі», апісваючы пекла, змяшчае ў трэцяе кола абжораў і аматараў смачненькага, душы, якія не абмяжоўвалі сябе ў ежы пры жыцці. Езус таксама перасцерагае, што бяда чакае тых, хто цяпер сыты… Можа, і не адразу яны трапяць у пекла, але, калі быць неўмеркаваным у ежы і піцці, то чысцец іх чакае.
Можна яшчэ запытаць сябе, узгадаўшы словы св. Паўла, як насіць на сваім целе раны Езуса? Магчыма, гэта можна зрабіць, жывучы ў пастаянным ненасычэнні, у пэўным голадзе, які па ўласным выбары становіцца заступніцкай малітвай за грэшнікаў. Наш голад, наша недаяданне, здольнасць адысці ад стала, не наеўшыся дасыта (без шкоды для здароўя), можа стаць для нас постам і ўскліканнем да неба. Памятайма, як дзеці з Фацімы, якім аб’явілася Божая Маці, прымалі на сябе розныя пакуты, звязаныя з адмаўленнем ад ежы і піцця.
А што б было, калі б людзі, залежныя ад курэння, наркотыкаў, алкаголю ці сексу, вырашылі з дапамогаю Божай ласкі ў духу пакуты замяніць гэты вялікі, хваравіты голад на малітву і не паддавацца яму? Вядома, часцей за ўсё патрэбнае таксама лячэнне. Няўжо спалучэнне гэтых прагненняў з мукаю Хрыста не прынесла б духоўнага плёну? Вядома, так. Жыць з голадам, прагненнямі і не заспакойваць іх, а прызнаваць карыснымі ў духоўных справах было стылем жыцця многіх святых. Не заспакоіўшы нейкую патрэбу, мы не памрэм, не захварэем. Варта прыняць яе і суцішыцца, а не заспакойваць, тым больш, калі гэтая патрэба супярэчыць розуму, асвечанаму вераю і мудрасцю, бо, канечне ж, не трэба шкодзіць уласнаму здароўю. Магчыма, нашыя малітвы ў інтэнцыі навяртання блізкіх застаюцца без плёну, бо не хапае гэтых малых ахвяраў, адмаўлення ад салодкага, салёнага, тлустага як формы посту. Памятайма, калі вучні не маглі выгнаць злога духа, Езус сказаў ім, што апроч малітвы ім патрэбны пост.
Падчас кожнай Эўхарыстыі, калі святар ахвяруе на алтары хлеб і віно, мы мусім далучыцца і пакласці на патэну з хлебам нашую працу, а ў келіх з віном разам з кропляю вады наліць нашыя малыя ахвяры і цярпенні, якіх нямала ў кожнага чалавека.
Памятайма, што мы створаныя паводле вобразу і падабенства Божага і нашыя пачуцці і эмоцыі таксама трэба падпарадкаваць галоўнай мэце жыцця.
Айцец Раман Шульц ОР