Разам з айцом дамініканінам Раманам Шульцам ОР мы разважаем пра вялікія Божыя справы, якімі напоўнены свет.
Нядзеля Спаслання Духа Святога (05.06.2022)
Калі настаў дзень Пяцідзясятніцы, усе былі разам у тым самым месцы. Раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны сядзелі. З’явіліся ім падзеленыя языкі, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. Усе напоўніліся Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.
Былі ў Ерузалеме жыхары Юдэі, людзі пабожныя з усякага народу пад небам. Калі ўзняўся гэты шум, сабралася мноства людзей і захвалявалася, бо кожны з іх чуў, што яны гавораць на ягонай мове. Былі ўражаныя і здзіўляліся, кажучы: «Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы? Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся? Парфяне і мідзяне, эламіты і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Азіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірынэяй, ды прыезджыя рымляне, юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, — мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя».
(Дз 2, 1–11)
Ніхто не можа сказаць: «Панам ёсць Езус», калі не будзе ў Духу Святым.
Розныя ёсць дары, але той самы Дух. Розныя ёсць служэнні, але той самы Пан. Розныя ёсць дзеянні, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх. Аднак кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць. Як цела адно, але мае многа членаў, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус. Бо ўсе мы ў адным Духу ахрышчаныя ў адно цела: ці то юдэі, ці то грэкі, ці то нявольнікі, ці то свабодныя, і ўсе напоўненыя адным Духам.
(1 Кар 12, 3b–7. 12–13)
Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя з-за страху перад юдэямі, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў ім: «Спакой вам!» Сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: «Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і Я пасылаю вас». Сказаўшы гэта, дыхнуў і сказаў: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца».
(Ян 20, 19–23)
«Гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя…»
Што гэта за вялікія Божыя справы? Другое літургічнае чытанне падказвае нам, што без дапамогі Духа Святога «ніхто не можа сказаць: “Панам ёсць Езус”».
Ключавое слова ў пасланні святога Паўла да Карынцянаў — гэта слова «Пан», «Ягвэ». Габрэі, шануючы Бога, вельмі рэдка прамаўлялі слова «Пан» — «Ягвэ», а замест гэтага гаварылі «Аданай». Узгадаем, што Бог аб’явіўся Майсею ў пустыні ў палаючым кусце, які гарэў і не згараў, а калі Майсей спытаў у Бога, як Яго імя, Ён адказаў: «Я Той, які ёсць».
Гэтыя разважанні вядуць да асэнсавання праўды пра тое, што Бог, Пан — гэта пачатак усяго існага. Прамаўляючы Сімвал веры, мы гаворым, што Ён — Стварыцель усяго бачнага і нябачнага. Усё, што бачнае, хоць мы і не да канца гэта разумеем, метафарычна апісваецца ў кнізе Быцця, у апавяданні пра шэсць дзён стварэння.
Але Бог — таксама Стварыцель нябачных рэчаў. Ён стварыў таямнічых анёлаў і нябачную бессмяротную чалавечую душу. Варта прасіць у Яго ласкі пазнаваць гэтыя Яго справы, бо мы мала ведаем пра іх і таму мала імі захапляемся і мала пра іх гаворым.
Трэба падкрэсліць, што вялікія Божыя справы — і бачныя, і нябачныя, створаныя Ім, — існуюць дзякуючы моцы Яго любові. Важна памятаць пра гэтыя вялікія справы, дзякаваць за іх, захапляцца імі і праслаўляць Стварыцеля. Увесь сакрэт у тым, што да гэтага здольныя толькі тыя, хто любіць Бога.
Неабходна звярнуць увагу на тое, што яшчэ больш велічная Божая справа, чым стварэнне ўсяго бачнага і нябачнага, — гэта прыйсце ў свет Божага Сына і тое, што Ён прыняў чалавечую натуру. Людская прырода паслужыла Богу прыладаю, спосабам заахвоціць пагружанае ў цемру смерці і граху, падданае ўладзе д’ябла чалавецтва імкнуцца да ногага жыцця з Богам, да жыцця, якое некалі стане для людзей вечным шчасцем і радасцю прабывання разам з Найсвяцейшай Тройцай.
Святыя гавораць, што сакрамэнты хросту і пакаяння, якія мы атрымалі ад уваскрослага Езуса і якія даюць нам адпушчэнне грахоў, з’яўляюцца яшчэ больш велічнымі Божымі справамі, чым створаны Ім цудоўны неапісальны матэрыяльны, бачны свет. Гэтыя справы больш велічныя, чым створаны Богам нябачны свет. Ці ж не была б душа, пагружаная ў цяжкі грэх, без Крыві Хрыста асуджаная на вечную пагібель?
На сваім шляху да новага вечнага жыцця мы атрымалі яшчэ мноства цудоўных і велічных дароў: Касцёл, Эўхарыстыю, Святое Пісанне і самога Святога Духа. Падаецца, мы недастаткова захапляемся гэтымі Божымі справамі. Нам варта праз разважанне над Божым словам паглыбляцца ў вялікую справу адкуплення і збаўлення, дадзенага нам Езусам. Памятайма, што гэтак жа, як Апосталы, якія абвяшчаюць вялікія Божыя справы, напаўняючыся Духам Святым, кожны ахрышчаны пакліканы абвяшчаць вялікія Божыя справы.
У дзень гэтай урачыстасці будзем дзякаваць Богу за дар Духа Святога і прасіць здольнасці глыбока ўсвядоміць спадчыну вялікіх справаў Божых, прасіць здольнасці прыняць скарбы, якія пакінуў для нас у Касцёле наш Пан, Ягвэ, Той, які ёсць.
Прапаную вам сёння зрабіць два заданні. Па-першае, падчас малітвы паразважаць, за якія вялікія Божыя справы вы асабіста можаце падзякаваць Богу і праславіць Яго. А па-другое, пастарацца сёння гэтак жа, як Апосталы ў дзень Пяцідзясятніцы, падзяліцца з блізкімі радасцю ўдзелу ў вялікіх Божых справах.
Айцец Раман Шульц ОР