VI Звычайная нядзеля, Год С (13.02.2022)
Калі сышоў з імі ўніз і стаў на раўніне, вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжжа Тыра і Сідона.
Ён, узняўшы вочы свае на вучняў сваіх, сказаў: «Шчаслівыя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае. Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце. Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце. Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі і калі адрынуць вас, будуць зневажаць і адкінуць імя вашае як зло з-за Сына Чалавечага. Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.
Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне! Гора вам, хто цяпер сыты, бо галадаць будзеце! Гора вам, хто цяпер смяецца, бо смуткаваць і плакаць будзеце! Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас! Бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.
(Лк 6, 17. 20–26)
Каб не абмежаваць саміх сябе
Сёння на літургіі чытаецца евангельскі ўрывак, дзе апісваецца, як Пан Езус навучае вялікія натоўпы людзей, настаўляе сваіх вучняў. Гэты фрагмент Святога Пісання мы ведаем як «благаслаўленні». Магчыма, мы прывыклі да гэтых словаў, часта іх чулі: Пан Езус вучыць, што шчаслівыя ўбогія, шчаслівыя галодныя, а гора — багатым і сытым. Мы прывыклі, і магчыма, гэтыя словы ўжо нас не здзіўляюць. А можа нават ўспрымаюцца як таннае суцяшэнне: маўляў, так, цяпер вы бедныя, але багатых чакае вельмі сумная будучыня, гора ім. Нехта нават можа пачуць у словах благаслаўленняў рэвалюцыйны заклік, але гэта ўсё не так.
Думаю, Пану Езусу непатрэбна было «танна» вучыць людзей. Вядома, Ён суцяшаў бедных і галодных, але сэнс гэтага ўрыўка ў іншым: Ён хоча глыбей паказаць нам рэчаіснасць. Возьмем словы «Шчаслівыя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае». Ведаеце, калі я чытаю іх, мне ўзгадваецца святы Францішак з Асізі. Гэта быў чалавек, які нарадзіўся багатым, але адмовіўся ад маёмасці, ад спадчыны. Калі мы глядзім на яго жыццё, то бачым, што знешне ён стаў убогім, бедным, але меў пачуццё, што стаў спадкаемцам усяго свету. Можна сказаць, што ён адмовіўся ад часткі, каб атрымаць цэлае. Пан Езус вучыць нас, жадаючы, каб мы ўсвядомілі, што з’яўляемся дзецьмі Божымі і спадкаемцамі ўсяго сусвету. У нас ёсць нейкая свая маёмасць, але мы не павінны канцэнтравацца на сцяне, якую будуем вакол саміх сябе. Гэтая сцяна, якая ўвасабляе мяжу нашай уласнасці, можа аказацца сцяной вязніцы, якую мы самі сабе будуем, яна можа абмежаваць нашу свабоду. Вельмі важна, каб стаўленне да багацця было правільным: што гэта толькі сродак, а не мэта, сродакдля таго, каб любіць.
Паразважаем яшчэ над словамі «Шчаслівыя галодныя…», у адрозненне ад сытых. Бываюць розныя моманты, вядома, але ў цэлым Пан Езус заахвочвае нас адчуваць недахоп. Мы заўсёды будзем адчуваць недахоп у нечым, хіба што пабудуем сцяну, якая аддзеліць невялікую прастору, дзе мы будзем здольныя забяспечыць саміх сябе. Трэба будзе вельмі моцна абараняць гэтую сваю прастору, каб ніхто туды не ўлез і каб нам хапала там ўсяго, і гэта будзе вельмі абмежаваная прастора... А Пан Езус заклікае нас не абмяжоўваць сваёй любові, не закрываць сваіх сэрцаў у вязніцы. Калі мы будзем адкрытыя, то будзем адчуваць недахоп, але з іншага боку ў гэтым залежным стане яшчэ больш будзем адчуваць Божую ласку і тое, што Бог нас не пакінуў.
Насамрэч словы благаслаўленняў кажуць: мы можам забяспечыць саміх сябе, можам кантраляваць усю рэчаіснасць, але толькі тады, калі вельмі абмяжуем гэтую рэчаіснасць, калі адмовімся ад большай часткі яе. А Пан Езус заахвочвае нас не адмаўляцца, а прымаць усё. Так, з аднаго боку мы будзем бачыць сваю залежнасць, але гэта залежнасць ад Бога. Мы будзем галоднымі, таму што будзе больш патрэбаў, чым сродкаў, але з іншага боку ў гэтым голадзе мы будзем бачыць, як Пан Бог дзейнічае.
Пан Езус заахвочвае нас сёння, каб мы не абмяжоўвалі мэты свайго жыцця, каб мы згадзіліся на тое, што тут, на зямлі, не дасягнем дасканаласці жыцця, паўнаты жыцця. Але з гэтаю непаўнатою жыцця няхай мы будзем адкрытыя для прыняцця Божага дару, які перавышае ўсё тое, што мы можам забяспечыць самі сабе, і нават тое, што мы можам сабе ўявіць.
Айцец Крыштаф Коц’ян ОР

