ХХXІІ Звычайная нядзеля, Год B (07.11.2021)

А Ён казаў ім, навучаючы: «Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць прывітанні на рынках, і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах. Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і доўга моліцца напаказ, атрымаюць найцяжэйшы прысуд».

Сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу. Прыйшла адна бедная ўдава і ўкінула дзве лепты, што складае адзін кадрант. Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку. Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пражытак свой».

(Мк 12, 38–44)

Месца сустрэчы

Што дрэннага ў тым, што нехта заняў першае месца? Што нехта сядзіць пры стале разам з самотнаю ўдавой? Чаму трэба заўсёды быць ззаду, у самым канцы? І што мне ўвогуле будзе з таго, што я буду падтрымліваць з Ім стасункі? Напэўна, невялікае гэта шчасце — так, душачы ў сабе злосць, думаў адзін з тых, хто пайшоў за Ім.

Езус, выкрываючы паводзіны кніжнікаў, хоча сказаць нам, што мы павінны паводзіць сябе інакш. Павінны не шукаць першых месцаў, не клапаціцца пра тое, каб усе нас ведалі і віталі і не імкнуцца трапіць на раскошныя гасціны. Вядома, такі стан рэчаў можа быць нам знаёмы — мы не занялі першае месца, бо нехта нас апярэдзіў, ніхто не вітае нас на рынку, бо мы нічым асаблівым не вядомыя, а на гасцінах мы не бываем, бо не запрашаюць. Гэты, здавалася б, бліжэйшы да Евангелля стан можа асацыявацца для нас з паразаю, няшчасцем, адчуваннем пакінутасці і таго, што намі пагарджаюць.

Аднак ключавымі з’яўляюцца тут словы Езуса пра тое, што кніжнікі «любяць» першыя месцы, прывітанні і доўгія шаты. Любяць — гэта значыць, не гатовыя лёгка адмовіцца ад усяго гэтага і будуць імкнуцца да гэтага зноў і зноў, як толькі з’явіцца магчымасць. Гэта значыць таксама, што яны не любяць, калі гэтага ім не дастаецца, бо нехта іх гэтага пазбавіў або апярэдзіў іх.

Езус звяртаўся да натоўпаў, але ўмеў таксама засяродзіцца і на адным чалавеку. Ён займаў на гасцінах першыя месцы і, здаралася, бываў выгнаны з горада. Ён размаўляў з вучонымі людзьмі, здзіўляючы іх, але паклікаў самых простых быць сваімі вучнямі. Для Яго месца — ці то ў галаве стала, ці то па-за гарадскімі мурамі — было толькі фонам для сустрэчы з чалавекам, размовы з ім і магчымасці даць яму надзею на тое, што Бог не перастае пра яго клапаціцца.

Месца, статус, грамадскі стан не маюць вялікага значэння, калі я люблю. Часам я буду першы, часам апошні, але часцей недзе пасярод — і кожны раз, у кожную хвіліну свайго жыцця я сустрэну нейкага чалавека. Калі сэрца вольнае ад любові да першых месцаў, я змагу затрымацца, як Езус, і паглядзець з любоўю і зацікаўленасцю на гэтага чалавека, як Ён, і застацца з ім, як Ён застаўся з намі.


Айцец Гжэгаж Курась ОР
Паводле матэрыялаў партала wdrodze.pl.

 

Мы вельмі радыя
бачыць вас на сайце
часопіса «Ave Maria».
Гэта плён працы
неабыякавых людзей,
якія з радасцю ствараюць
гэты часопіс для вас.

Падпіска
Ахвяраванні

Сайт часопіса „Ave Maria“ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Беларусі

Часопіс існуе дзякуючы вашым ахвяраванням. Сёння мы просім вашай дапамогі — нават невялікая сума падтрымае нас.

Падрабязней