Урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, Год В (15.08.2021)
Сабраўшыся, Марыя ў тыя дні паспяшыла ў горную краіну, у горад Юды. І ўвайшла ў дом Захарыі, і прывітала Альжбету.
Калі Альжбета пачула прывітанне Марыі, узварухнулася дзіцятка ва ўлонні яе, і напоўнілася Альжбета Духам Святым. І ўсклікнула моцным голасам, і сказала: Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго! І адкуль мне гэта, што Маці Пана майго прыйшла да мяне? Бо калі голас прывітання Твайго загучаў у вушах маіх, узварухнулася ад радасці дзіцятка ва ўлонні маім. І шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца сказанае Ёй Панам.
У тыя дні сказала Марыя:Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.
Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі,
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівыя сэрцам.
Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў,
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля,
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
І прабыла Марыя ў Альжбеты каля трох месяцаў, і вярнулася ў дом свой.
(Лк 1, 39–56)
Там, дзе прысутная Марыя, неба сустракаецца з зямлёю
У Святым Пісанні няма ўзгадак пра падзею, якую мы святкуем у гэтую нядзелю. Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі — гэта дагмат веры, абвешчаны папам Піем XII у 1950 г. Прычым гэты дагмат не з’яўляецца нечым няпэўным, што з цягам часу можа змяніцца, — гэта таямніца веры, якую нават немагчыма растлумачыць. І хоць тэолагі стараюцца «апрануць» у словы, зрабіць больш даступным для разумення гэтую падзею, усё роўна ўнебаўзяцце Панны Марыі застаецца настолькі грандыёзным і захапляльным, што толькі пакорнае сузіранне дае нам магчымасць наблізіцца да гэтай таямніцы.
Мы не адшукаем апісання ўнебаўзяцця Марыі ў Евангеллі, але знойдзем нешматлікія звесткі пра час Яе зямнога жыцця. І адным з такіх яскравых момантаў з’яўляецца сустрэча Марыі з Альжбетай, калі маці Прадвесніка сустракае Маці Месіі. Менавіта ў гэтым моманце можна заўважыць, што там, дзе прысутная Марыя, неба сустракаецца з зямлёю, зыходзіць Святы Дух — і рэчаіснасць набывае глыбіню, бо Альжбета распазнае ў Марыі Маці Збаўцы, а Magnificat Багародзіцы абвяшчае: Бог учыніў вялікія рэчы, але ўчыніць яшчэ большыя.
Жыццё ў малітоўнай еднасці з Марыяй напаўняе нябеснай радасцю. Яна, Унебаўзятая, вучыць, што «наша айчына знаходзіцца ў нябёсах, адкуль мы чакаем Збаўцу, Пана Езуса Хрыста» (Флп 3, 20), але адначасова Багародзіца застаецца блізкай нам, прабываючы ў Боскай хвале. Няхай наша Найсвяцейшая Панна вучыць нас быць сведкамі неба на зямлі.
Айцец Павел Мажэйка OP